У "Экспэртызе Свабоды" ўдзельнічаюць эканаміст Барыс Жаліба і кіраўнік цэнтру Мізэса, эканаміст Яраслаў Раманчук.
Пастановай Савету Міністраў зацьверджаныя асноўныя паказьнікі прагнозу разьвіцьця эканомікі на 2008 год. Вытворчасьць прамысловай прадукцыі павінна вырасьці на 11 працэнтаў, на столькі ж мусяць узьняцца грашовыя даходы насельніцтва. Наколькі рэальныя гэтыя пляны, за кошт чаго яны могуць быць дасягнутыя? Ці рэальна іх выканаць без далейшых замежных запазычаньняў?
Цыганкоў: “Наколькі выглядаюць абгрунтаванымі гэтыя лічбы? Чым, якімі рэсурсамі беларуская эканоміка можа дасягнуць такіх паказьнікаў?”
Жаліба: “11 працэнтаў, як вядома, зьявілася пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў беларускі ўрад, што той, маўляў, задае недастатковы тэмпы росту ВУП. І першапачатковае ўрадавая лічба была ў рамках 8-9 працэнтаў. Але прэзыдэнт заявіў, што гэтага мала, маўляў, давайце 20 працэнтаў. Вядома ж, пра 20 працэнтаў – гэта была эмацыйная заява. Але тым ня менш, мы бачым, што ўрад вымушаны быў зьмяніць свае прагнозы. Я лічу, што першапачатковая лічба ўраду была абгрунтаванай і дастатковай рэальнай. 8-9 працэнтаў – такія тэмпы і дае наша эканоміка апошнія гады”.
Цыганкоў: “Але можа гэта зьмена здарылася ня толькі пад ціскам Адміністрацыі прэзыдэнта, але пасьля інфармацыі пра атрыманьне расейскага крэдыту?..”
Жаліба: “Гэта так, тут я згодны з вамі. Урад падвысіў тэмпы росту ВУП, калі стала вядома пра крэдыт 1,5 мільярды. Зьявіліся нейкія фінансавыя падставы, што ёсьць магчымасьць дадаць нешта да традыцыйных 8 працэнтаў. Тым ня менш я лічу, што гэты плян вельмі напружаны, бо рост ВУП дае ўсё ж вытворчасьць”.
Гэта працяг экстэнсіўнага спосабу разьвіцьця эканомікі без разьвіцьця канкурэнтаздольнасьці
Цыганкоў: “Магчыма, для большасьці людзей самая галоўная лічба ў гэтых прагнозах – рост грашовых даходаў насельніцтва, які павінен скласьці 11 працэнтаў. Традыцыйна гэты паказьнік урадам якраз выконваецца. Ці будзе сёлета гэтаксама?”
Жаліба: “З улікам нізкай цаны на расейскі газ, з улікам расейскага крэдыту – гэта рэальна. Але бяда ў тым, што плян росту рэальных даходаў мы звычайна выконваем, а рост прадукцыйнасьці працы хранічна адстае. А яе тэмпы росту павінны апярэджваць рост заробку. А ў Беларусі, нажаль, наадварот. Увогуле ж, звычайна гэты паказьнік, сапраўды выконваецца. Мяркую, гэтак будзе і сёлета”.
Цыганкоў: “За кошт чаго?”
Жаліба: “Атрымліваецца, за кошт гэтай дыспрапорцыі паміж ростам заробку і прадукцыйнасьці працы. Не сакрэт, што дырэктарам прадпрыемстваў урад дае канкрэтныя заданьні, на які працэнт павінны ўзрасьці заробак супрацоўнікаў, і якую лічбу ў далярах ЗША павінен скласьці. І дырэктары, не зважаючы на абставіны і тэхнічную базу, вымушаныя падганяць да гэтыя лічбы, спушчаныя “зьверху”. Гэтаксама будзе і сёлета. Але я прагназую, што інфляцыя ў 2008-м ніяк ня будзе тых 6-8 працэнтаў, як сказана ў прагнозе. Добра будзе, калі ўтрымаемся ў рамках 10 працэнтаў”.
Бяз зьнешніх крэдытаў ня будзе стабільнасьці беларускага рубля
Цыганкоў: “Ці можна дасягнуць вызначаных паказьнікаў без зьнешняга запазычаньня?”
Раманчук: “Ужо вынікаў 2007 году немагчыма было дасягнуць без зьнешніх запазычаньняў. Нагадаю, памер зьнешняга крэдытаваньня склаў 3,5 мільярды даляраў. Беларусь прадала частку “Белтрансгазу” (625 мільёнаў), прадалі за суму, якую ніхто ня ведае, “Велком”, і гэтак далей. Гэта ўсё працавала на эканоміку. Сёлета без 4-4,5 мільярдаў даляраў Беларусь не атрымае плянаваных тэмпаў росту, не атрымае стабільнасьць беларускага рубля. Бо плацёжны балянс, і гандлёвы дэфіцыт, безумоўна, аказвае ціск на курс беларускага рубля”.