Аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоля Шумчанку, які адбывае 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня, выклікаюць на допыты. Пра гэта паведаміў паплечнікам Шумчанкі ягоны былы сукамэрнік. Тым часам Міністэрства юстыцыі зьвярнулася ў Вярхоўны суд з тым, каб распачаць працэдуру ліквідацыі арганізацыі “Пэрспэктыва”, лідэрам якой зьяўляецца Анатоль Шумчанка
Паплечнікі Анатоля Шумчанкі абураныя дзеяньнямі ўладаў. На менскіх рынках на дзьвярах крамаў зьявіліся ўлёткі з фотаздымкам Анатоля Шумчанкі і заклікам выйсьці на Кастрычніцкую плошчу 21 студзеня. Прадпрымальнікі такім чынам пратэстуюць ня толькі супраць указу № 760, які забараняе ім наймаць на працу несваякоў, але й супраць арыштаў актывістаў.
10 студзеня пасьля заканчэньня акцыі прадпрымальнікаў, у якой удзельнічалі больш за дзьве тысячы чалавек, Менскае ўпраўленьне ўнутраных справаў паведаміла, што распачата крымінальная справа па факце масавых беспарадкаў. Прадпрымальнікі некалькі разоў перакрывалі дарожны рух на праспэкце Незалежнасьці, але разьбітых вітрын пры гэтым не было і пры сутыкненьнях зь міліцыяй ніхто не пацярпеў.
"Прадпрымальнікаў хочуць запалохаць"
Паплечнікі Анатоля Шумчанкі лічаць, што ўлады могуць выставіць супроць яго крымінальнае абвінавачаньне, каб запалохаць іншых актывістаў.
Сябра “Пэрспэктывы” Жанна Пялюга лічыць, што ўлады спрабуюць паралізаваць прадпрымальніцкі рух, які набірае моц:
“Гэта ня толькі запалохваньне лідэраў прадпрымальнікаў, але й запалохваньне шараговых прадпрымальнікаў, які зьбіраюцца 21 студзеня выйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Апроч таго, прадпрымальнікі маюць намер у лютым не плаціць падаткаў, каб такім чынам выказаць свой пратэст”.
Намесьніца Анатоля Шумчанкі Вольга Круміна паведаміла “Свабодзе”, што сябры “Пэрспэктывы” прынялі адпаведную заяву наконт спробаў ліквідаваць арганізацыю. Гаворыць Вольга Круміна:
“Для нас гэта ня стала нечаканасьцю. Мы былі гатовыя, што сёлета будуць рабіцца спробы ліквідаваць арганізацыю, бо калі дзяржаве не патрэбныя прадпрымальнікі, то тады навошта ім арганізацыя, якая абараняе іх правы? Мы гэтага так не пакінем і будзем змагацца. Мы зьвярнуліся да юрыстаў, каб яны далі прававую ацэнку дзеяньням Мін’юсту. Калі арганізацыю ліквідуюць, то мы паспрабуем зарэгістраваць партыю прадпрымальнікаў або станем сябрамі адной з дэмакратычных дзейных партыяў”.
"Вулічныя беспарадкі" -- падстава для рэпрэсіяў
Улады не аднойчы распачыналі крымінальныя справы за масавыя беспарадкі. Упершыню гэта было пасьля “Маршу Свабоды” 25 кастрычніка 1999 году. Тады абвінавацілі лідэра сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Міколу Статкевіча і праваабаронцу Валерыя Шчукіна. Іх пакаралі штрафамі і пазбаўленьнем волі з адтэрміноўкай адбыцьця пакараньня.
У 2004 годзе ўлады прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму-2004. Севярынца і Статкевіча, якія адбывалі адміністрацыйныя арышты, вадзілі на допыты, як і астатніх затрыманых удзельнікаў акцыі. Тады ж уладамі былі выкарыстаныя розныя захады, каб ліквідаваць сацыял-дэмакратычную партыю “Народная Грамада”.
Паплечнікі Анатоля Шумчанкі непакояцца, што ў выпадку з “Пэрспэктывай” сытуацыя можа паўтарыцца і лідэр арганізацыі прадпрымальнікаў пасьля адбыцьця адміністрацыйнага арышту апынецца за кратамі сьледчага ізалятара.