“Калядная рапсодыя ў Лідзе”

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 8 студзеня.

Прыехаўшы зараз на Каляды ў Ліду, ня ўбачыў ля вакзалаў традыцыйных, сьвяточна прыбраных ёлак. Пасьля даведаўся, што ўсталяваць толькі адну каштуе дзьве тысячы даляраў. Гарадзкі ж бюджэт прадзіравіўся — толькі на “Лідсельмашы”, адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў, назапашана нерэалізаванай прадукцыі, паводле мясцовай прэсы, на 6 мільярдаў рублёў. Затое калядны падарунак лідзянам зрабілі тутэйшыя транспартнікі. Напярэдадні Новага году абвесткі паўсюдна загучалі па-беларуску. Зрэшты, ініцыятыва належала мясцоваму аддзяленьню ТБМ, у якім тут паўтысячы чалавек. У Лідзе друкуецца галоўнае выданьне таварыства — газэта “Наша слова”. А мінулым годам Лідчына прыняла і 30 тысяч асобнікаў бібліятэкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў — пасьля выгнаньня яго з менскага Дома літаратараў. Кажа рэдактар “Нашага слова”, паэт Станіслаў Суднік.

Суднік: “Тут беларускасьць ніколі не памірала, яна праявілася сёньня ў транспарце, заўтра — у іншым месцы. У Лідзе беларускую мову ня трэба ўкараняць, ёй валодаюць практычна ўсе. У выканкаме, куды ні зайдзі, усе — скончыўся той час, калі там сядзелі разанскія лапці, якія трох слоў не маглі зьвязаць. Але на сёньня не хапае палітычнай волі, каб працэсы беларусізацыі ішлі пры падтрымцы дзяржавы. Грамадзянскім арганізацыям ня справіцца ўсюды — і з адукацыяй, і зь пераконваньнем бацькоў, і з выданьнем беларускамоўных календароў. Гэта клопат дзяржавы! І гэтага мы ад яе чакаем, дабіваемся. І гэта будзе — у 2008-9-10!”

А вось гэты чалавек з уласнай ініцыятывы дамогся, каб беларускае слова зьявілася на банкаўскіх блянках.

Круцікаў: “Тыдзень таму пайшоў зрабіць картку на банкаматы ў Лідцкае аддзяленьне “Прыёрбанку”. Там усё па-расейску. Неяк стала крыўдна, кажу, ці ёсьць хоць блянкі на беларускай мове. Я запатрабаваў кнігу скаргаў — напісаць пра моўную дыскрымінацыю. Кіраўніцтва банку прыняло заяву. І запісалі ў блянк радок у радок па-беларуску...”

Гэта казаў мой стары знаёмца, старшыня гарадзкой суполкі Партыі БНФ Уладзімер Круцікаў. Зь ім, як і з усімі далейшымі суразмоўцамі, падсумоўваем станоўчыя ды адмоўныя вынікі году мінулага, выказваем спадзяваньні ды меркаваньні на будучыню. Мы сустрэліся ў хаце яшчэ аднаго сябра Партыі БНФ, інваліда 2 групы па працы Міхася Бурачэўскага. Яму прыціснула нагу кранам. Узьнікла гангрэна, і нагу давялося ампутаваць. Яго вытрымцы і нязьменнаму пачуцьцю гумару можна толькі па-беламу пазайздросьціць. Спадар Міхась — спачатку пра набалелае.

Бурачэўскі: “Адмена льготаў шмат каго прыціснула. Мяне, Віталь, даволі добра. Раней давалі паліва інвалідам па фіксаваных цэнах — хай 40 літраў на месяц, але гэтага хапала. Можна было праехаць за 50% на міжгароднім аўтобусе. Не дабаўляецца пэнсія са жніўня мінулага года. Інвалідам працы абрэзалі дзяржаўную падтрымку...”

Мне паказваюць лічбу, якая ўражвае — на 100-тысячны горад у мінулым годзе 9 тысяч заяў на звальненьне з дзяржаўных прадпрыемстваў ды арганізацый па... уласным жаданьні. Надрукавалі гэтую лічбу, дарэчы, у “вэртыкальнай” “Лідзкай газэце”. Пытаюся ў суразмоўцаў, што за гэтым стаіць.

Бурачэўскі: “За “уласным жаданьнем” — мізэрныя заробкі. Не заўсёды выплачваюць. Майму сыну абяцалі залатыя горы, а плацяць 180—200 тысяч. У рэстарацыі кожны месяц шукаюць чалавека, што будзе мыць посуд. У кума сын уладкоўваецца на працу на чыгунку. Яму кажуць — толькі пасьля ўступленьня ў БРСМ. Як гэта?! Будаўнікі былі кінуліся на Літву — больш парадку, лепшыя заробкі. Цяпер, з адкрыцьцём Шэнгену, будзе горш. Але і ў Расею ня надта хочуць...”

Круцікаў: “Частка людзей не ведае, як свае правы абараніць. Яму скажуць “звальняйся”, ён і сыходзіць. Ня ведаюць, куды зьвяртацца, бо прафсаюзы сёньня ня могуць за працоўнага чалавека пастаяць. Зьбіраў подпісы за Мілінкевіча на вуліцы Астроўскага — у 30% савецкія пашпарты! Трэба зрабіць, каб той, хто хоча рабіць, не сьпіваўся, а ўзяў шуфэль ды дарогі рамантаваў. Менавіта мужыкі паміраюць пасьля 40—50 гадоў — бяз працы адчуваюць сабе прыніжанымі. А навошта прадаюць гэтае бруднае “чарніла”?! Ад яго народ памірае і сьпіваецца...”

Бурачэўскі: “У нас пачалася кампанія “антыпіва”. Каму выгадна задушыць піўзаводы, пусьціць сюды “Балтыку”? Кажуць, моладзь сьпіваецца ад паўтарачкі піва. Пакажыце, хто ад паўтарачкі нап’ецца? У 80-х піўзавод быў адным зь лепшых у Эўропе — выдатныя вада, майстры. Закон, што півам больш як за 500 мэтраў ад сьвята нельга гандляваць. Рыцарскі фэст — ня вып’юць піва?! Ды ў сярэднявеччы варылі піва — гэта была гігіена, каб чалавек не атруціўся!”

Найбольш хвалюе, аднак, усіх тое, што Лідзкі піўзавод — ці ня самае прыбытковае прадпрыемства — перастане несьці “залатыя яйкі” ў гарадзкі бюджэт. Але спадар Бурачэўскі распавядае ўжо палітычную показку, якая гуляе па Лідзе.

Бурачэўскі: “Паехала ліса на прэзыдэнцкую ёлку. Адгуляла, прыехала ў лес. Насустрач мядзьведзь: здарова, кума, што новага прэзыдэнт сказаў. Ліса кажа: хто курку еў, будзе есьці, хто лапу смактаў, будзе смактаць. Пачухаў мядзьведзь патыліцу, падаўся далей. Насустрач воўк — здароў, Міхайла Патапыч, што кума новага сказала. Кажа, хто ў шубе хадзіў, той і будзе хадзіць, а хто з голым азадкам, той так і застанецца...” (сьмех )

***

Я ізноў на лідзкіх вуліцах. Ужо знаёмы Станіслаў Суднік распавядае пра адметнасьці тутэйшых калядных сьвяткаваньняў. Дарэчы, спадар Станіслаў — былы вайсковец, большасьць жыцьця правёў удалечыні ад Беларусі. А мова жыла ў яго сэрцы.

Суднік: “Паколькі Ліда — горад са старажытнай гісторыяй, яна менш пад народнымі ці паганскімі традыцыямі. Цяжка пачуць слова “каляда”, як, напрыклад, на Нясьвіжчыне, дзе калядой называюць аплатку, якую ломяць перад куцьцёй увечары. Тут гавораць “аплатак”. У Лідзе добра вядомае слова “вігільля”, у той час як усе гавораць “куцьця”. На вёсцы сяляне рабілі куцьцю толькі зь ячменных крупаў, тут маглі з рысу, з разынкамі...”

На цэнтральным пляцы, на месцы галоўнай ёлкі, яшчэ летась стаяў помнік Леніну. РС распавядала пра гэты выпадак. Пляц вырашылі нанава забрукаваць. Але пакрыты залацістай фарбай пад бронзу, гліняны ўсярэдзіне помнік раскалоўся на тры часткі, калі кран прыўзьняў яго ўгару. У скульптара, аўтара помніка воінам- інтэрнацыяналістам Вадзіма Вераб’ёва ўзьнік тады альтэрнатыўны праект. Мне пра яго расказаў незалежны журналіст Кастусь Станюк.

Станюк: “Узьнікла ідэя, як ураўнаважыць помнік Леніну — паставіць насупраць цялежку, пакрытую хусьцінай, адкуль тырчаць ногі ахвяраў ленінізму, сталінізму. І кожны прыносіць кветкі туды ці сюды, па перакананьні...”

Улады ўрэшце прынялі, як тут лічаць, узважанае рашэньне — аднесьлі рэстаўраванага Леніна па-за плошчу. Тым часам заўважаю непадалёк чалавека са стосам “Народнай волі” ў руках. Знаёмлюся з 40-гадовым Дзьмітрыем Аськовым, распаўсюднікам незалежнай прэсы. Ён нарадзіўся ў Серпухаве, пад Масквой. Кажа, што, прыехаўшы ў Беларусь, быў шакаваны антыдэмакратычнасьцю рэжыму. У дэмакратычным руху ён з 2002 году і распавядае самы запамінальны леташні выпадак сваёй, як не бяз гумару кажа, працоўнай біяграфіі.

Аськоў: “У мяне была адна кніжка “Нашэсьця”. Пад’ехала белая “Волга”, і я прапанаваў яе... намесьніку старшыні КДБ. Той выклікаў нарад. Сказаў — на вакенцы ляжала. Выклікалі на адміністрацыйную камісію. Кажуць, кніжка цікавая, але ня мае выпускных дадзеных і патрапляе пад артыкул пра зьнявагу прэзыдэнта. 86 тысяч штрафу папрасілі прынесьці. Ад Новага году чакаю добрага надвор’я. Будзе яно — будзе больш працы і магчымасьці зарабіць...”

Уладальнік прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Лідзкая нерухомасьць” Сяргей Пятаеў быў вымушаны сысьці з дэпутатаў гарсавета пад пагрозай завядзеньня крымінальнай справы — нібыта за фінансавыя парушэньні. Пытаюся ў яго, ці псуе жыцьцё лідзянам кватэрнае пытаньне.

Пятаеў: “Рынак жыльля запаволіўся. Цэны стаяць, адчуваецца хаос, адсутнасьць інфармацыі. Попыт падае. У Лідзе аднапакаёвая кватэра ў сярэднім 28—30 тысяч даляраў, двухпакаёвая — 40—50. Аднолькавыя цэны ў Гродна, бо ўзровень дабрабыту лідзянаў вышэйшы. Лепшая геаграфія — бліжэй Польшча, Літва, Менск. Калісьці разглядалася пытаньне пра перанос абласнога цэнтра ў Ліду. Асноўныя пакупнікі ўжо расейцы. Расейскі капітал бачыць спакусьлівы кавалак. Бо дастаткова кваліфікаваная працоўная сіла, ваенна-прамысловыя прадпрыемствы, народ адукаваны...”

Ад новага году бізнэсовец Пятаеў чакае паляпшэньняў.

Пятаеў: “Шкада, шмат маладых зьяжджае за мяжу.Трэба даць зялёную вуліцу менавіта нашым беларусам, хто стварае ўмовы для сям’і, родных. На патрыётаў трэба рабіць стаўку. Эканоміку краіны ўздыме толькі прыватны бізнэс. Гэта прызнаў і Пракаповіч, і “бацька”. У Новым годзе хацеў бы пажадаць усім прадпрымальнікам цярпеньня ды аптымізму — нягледзячы ні на што!”

Па шчырасьці, аптымізму дзьвюм тысячам лідзкіх прадпрымальнікаў нестае. Я сустрэўся з 43-гадовым Пятром Цімафеевым, які 10 год займаецца дробным гандлем. Таленавіты мастак-графік — намаляваў да сотні партрэтаў дзеячаў Адраджэньня, ад Быкава з Караткевічам да Барыса Кіта, Кастуся Акулы ды Ларысы Геніюш. Кажа спадар Пётра.

Цімафееў: “І міністар, і прэзыдэнт кажуць, што прадпрымальнікі — “учарашні дзень”. Але каб усе выйшлі на пляц, трэба адабраць хіба ўсё. А да гэтага ідзе. У нас адабралі сьцяг, герб, гімн — засталося адабраць толькі шапікі...”

Яшчэ адна сустрэча на пляцы. Улетку 2007-га ў Лідзе раскідалі ўлёткі, дзе стаяла толькі два словы —“Нам хлусяць!” Гэта зрабілі сябры суполкі незарэгістраванага “Маладога фронту”, за што атрымалі штрафы. У вэртыкальнай газэце напісалі пра іх артыкул “Прадажнае сумленьне”. І скінулі дзеля абмеркаваньня ў Internet. Празь дзень прыбралі — падтрымка была поўная, але... маладафронтаўцаў. Гутару з 19-гадовым Сержуком Чайкам.


Чайка: “Гэты год запомніўся, як у Менску адзначылі Дзень Волі ўсёй суполкай, рэпрэсіямі супраць маладафронтаўцаў. Я скончыў каледж, працую. Шмат зьявілася новых людзей. Я ня столькі баюся самых рэпрэсій, колькі перажываю за маці...”

Старшыня суполкі АГП спадар Станюк выказвае свае спадзяваньні на будучы эўрапейскі выбар краіны.

Станюк: “Пад эўрапейскасьцю адчуваю свабоду, якая ў цябе ёсьць, але недастаткова. Ад Новага году чакаю давучыць ангельскую мову, жадаю, каб людзі — а іх нямала ў Лідзе — дачакаліся свабоды для дзяцей, для саміх сябе. Каб уздыхнулі, каб ведалі, што яны ў адказе адзін за аднаго, што яны грамадзянская супольнасьць. З Новым годам, з Калядамі — зь Ліды!”