У сухотным шпіталі галадоўка (аўдыё)

У сухотным шпіталі, што ў вёсцы Наваельня пад Дзятлавам, каля 150 пацыентаў абвясьцілі галадоўку. Галоўны доктар прыгразіў, што калі пацыенты ня выйдуць на вячэру, то іх выпішуць за парушэньне рэжыму.

Яны пратэстуюць супраць таго, што ў шпіталі вельмі кепскае харчаваньне, няма гарачай вады, людзей не выпускаюць са шпіталю, нягледзячы на тое, што пацыенты лечацца тут добраахвотна.

Галоўны доктар шпіталю Мечыслаў Доўгань пагражае пацыентам, якія выказалі яму свае прэтэнзіі, выпіскай. Яны паведамілі, што ён палохае іх тым, што выклікае АМОН.

Сяргей Воранаў, пацыент шпіталю, паведаміў “Свабодзе”:



"У палатах холадна, брудна, вільготнасьць, на шпацыр нас не выпускаюць, няма тавараў першай неабходнасьці. Шпіталь знаходзіцца ў лесе, але мы ня можам выйсьці ў лес. Робяць высокі плот са штырамі... як у канцлягеры. Шпіталь не прымусовага лекаваньня. Мы сюды прыехалі добраахвотна. Міліцыя сюды прыехала. Галоўны доктар пагражае, што і АМОН выклікае”.

Пацыенты шпіталю ў асноўным інваліды другой групы. Сярод іх Натальля Рагалевіч:



"Я як жанчына не магу тут нічога набыць. У мяне двое дзяцей. Я прыехала сюды добраахвотна. Яны тут міліцэйскі пост паставілі. Я ў калёніі знаходжуся ці дзе? У шапіку ў нас няма нават пракладак. Можа, яны й бываюць, толькі вельмі танныя. Чаму я павінна карыстацца толькі тым, што яны мне прывязуць?! Пральны парашок у іх толькі “Лотас”. Чаму я, хворая, павінна праць толькі гэтым і ня маю магчымасьці купіць нешта лепшае?! Тэрыторыя шпіталю – гэта кола, у якім склады, гараж і крыху маленькіх дрэваў і кусты. А прыйдзе вясна? Дзе тут па асфальце гуляць? Шпіталі сухотныя для таго й будуюць у лесе, каб мы маглі там гуляць. А яны ж нас адгарадзілі ад лесу”.