З 1 студзеня ўвайшоў у сілу Ўказ № 760, паводле якога індывідуальныя прадпрымальнікі могуць наняць на працу толькі сваякоў.
Як ацэньваюць перамены спажыўцы – пакупнікі менскіх гандлёвых цэнтраў?
У гандлёвым цэнтры «Імпульс» каля Камароўкі зачынена прыкладна пятая частка гандлёвых боксаў. Таму каля тых, што працуюць, людзей больш, чым звычайна. Маладая жанчына Натальля нанава асвойвае прафэсію гандляркі. Зь 1 студзеня яна звольніла дзьвюх сваіх супрацоўніц, каб не парушаць закон. Гандлюе сама, бо сваякоў наняць не можа:
«Яны папросту сталі беспрацоўнымі. А я працую сама. Вельмі нязручна ўсё гэта. Зноў жа, нават зьехаць ты нікуды асабліва ня можаш. Што, маці-пэнсіянэрку замест сябе пасаджу сюды? Яна ж нічога тут не зразумее».
Меней ІП – меней выбару для спажыўца
Для спажыўцоў перамены таксама адчувальныя. Маладая дзяўчына каля гандлёвага цэнтру «Экспабел» расчараваная спробай шопінгу ў выходны дзень:
Дзяўчына: «На «Экспабеле» вельмі шмат хто сёньня не працаваў.»
Карэспандэнтка: «Якая, прыкладна, частка боксаў?»
Дзяўчына: «Ну, каля паловы…»
Карэспандэнтка: «Але ўдалося Вам набыць тое, што хацелі?»
Дзяўчына: «Ведаеце, выбар значна меншы…»
Апроч выбару, новаўводзіны могуць нэгатыўна адбіцца на якасьці тавараў, якія індывідуальныя прадпрымальнікі выпускаюць, а ня толькі прадаюць, лічыць мой іншы суразмоўца:
Хлопец: «Раней ён мог наняць патрэбную яму колькасьць супрацоўнікаў. Цяпер у яго, дапусьцім, ёсьць брат, сястра, маці сталага веку... І ён можа сыходзіць толькі з гэтах рэсурсаў, а да таго яшчэ вырашаць усе свае праблемы. Гэта ня можа не адбіцца на якасьці прадукцыі, якую ён выпускае. Я лічу, гэта вялізны мінус».
У падатковай сказалі: нічога добрага ІП не чакае...
У гандлёвым цэнтры «Суседзі» зачынена каля 10 боксаў. Сярод тых, хто працуе, большасьць – індывідуальныя прадпрымальнікі. Гандлярка жаночай бялізнай таксама, як іншыя, вымушаная звольніць сваіх падначаленых, зь якімі сваяцкіх сувязяў не было. Яна красамоўна камэнтуе сытуацыю прымаўкай: «Што ў лоб, што па лбе».
«Была знаёмая ў падатковай, дык там запытвалася: маўляў, скажыце, што з намі будзе далей? Ёй сказалі: нічога добрага. Перарэгіструйцеся ў ПУП да сакавіка, бо ў сакавіку папросту ўраўняюць падаткі ІП і ПУП – вось і ўсё»...
«Нагода пратэставаць ёсьць ня толькі ў ІП...»
Камэнтуючы затрыманьні падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, міністар унутраных спраў Навумаў падкрэсьліў: сярод 27 затрыманых – індывідуальных прадпрымальнікаў толькі двое. На думку майго суразмоўцы каля «Імпульсу», пратэставаць супраць Указу №760 ёсьць нагода амаль у кожнага:
«Гэта і індывідуальныя прадпрымальнікі, гэта і тыя, каго ІП звольнілі, каб не парушаць закон, гэта і мы з вамі – спажыўцы. Таму што пераведзеныя ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, гандляры мусяць плаціць значна большыя падаткі. А гэта значыць – чарговае падвышэньне коштаў».