Раніцай ля турмы на вуліцы Акрэсьціна сабраліся родныя і сябры арыштаваных удзельнікаў акцыі пратэсту 10 студзеня.
Сёньня зь дзевяці гадзінаў ля турмы на вуліцы Акрэсьціна сабраліся родныя і сябры арыштаваных удзельнікаў акцыі пратэсту 10 студзеня. Аднак перадаць рэчы дазволілі празь некалькі гадзінаў. Дзяжурны патлумачыў, што затрымка зьвязаная з экскурсіяй курсантаў. Аднак потым, пасьля тэлефанаваньня начальніку, перадачы пачалі прымаць.
Актывістка аб'яднаньня "Пэрспэктыва" Вольга Круміна перадала перадачу ў 13-ю камэру для Анатоля Шумчанкі. Ёй дазволілі перадаць паліто і іншыя рэчы, аднак, да прыкладу, жуйкі не дазволілі. Вольга яшчэ ўчора спрабавала перадаць ежу для Анатоля:
“У РАУС у нас ежу не прынялі, адправілі на Акрэсьціна. Учора дзьве з паловай гадзіны стаялі на Акрэсьціна, чакалі, калі прывязуць асуджаных. Тут нам таксама адмовілі, не ўзялі ні ежу, ні цёплыя рэчы. Сказалі, маўляў, не пасьпеюць аформіць, прыяжджайце заўтра. Сёньня вось прыехалі, у чарзе стаім, чакаем”.
Сёньня раніцай Вользе Крумінай патэлефанаваў Алесь Макаеў, якога выклікаў намесьнік кіраўніка менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка:
“Ён мне сказаў, каб я зьвярнулася да начальніка Акрэсьціна і, можа, дазволяць перадаць спальнікі. Я спрабавала сустрэцца з начальнікам, але мне сказалі, што начальнік будзе толькі ў панядзелак”.
“Спадзяемся, што перададзім цёплыя рэчы, ваду. Харчы не перадаем, бо Саша ў будынку суду аб’явіла галадоўку. Кнігі, сшытак, ручку. Можа, яна нам нейкую вестачку перадасьць. Яна была прастуджаная. Мы ж ня ведаем, дзе яны зьмешчаны. Калі ў новым корпусе, то там даволі холадна. Пакуль нічога ня ведаем пра яе стан”.
Спадарыня Зінаіда, маці арыштаванага на 15 сутак Юр’я Баркуна, прыйшла да турмы а 9-й гадзіне, але рэчы перадала толькі пасьля 12-й.
“Туалетныя рэчы прынесла. З адзеньня – байка, майка. Ручнік сказалі, што вялікі, не прынялі. З харчоў таксама нічога не ўзялі. Запісак нельга. Падручнікі перадала, сшытак, ручку”.
“Я прыйшоў сюды каля 9-й гадзіны. І цяпер ужо першая гадзіна, і толькі цяпер мне ўдалося перадаць перадачу. Нам давялося прастаяць на марозе такі доўгі час. Канечне, замерзьлі ўсе, жахліва. Я хацеў забраць бальнічны ліст, які знаходзіўся пры ім, і мой праязны квіток. Аднак мне сказалі, што дакумэнты дагэтуль да іх не паступілі і папрасілі зьвярнуцца толькі ў аўторак”.