Як мяняюцца грамадзкія настроі?

Удзельнікі “Экспэртызы Свабоды”: сацыёляг Аляксандар Сасноў і рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандр Класкоўскі.

Абнародаваны вынікі сьнежаньскага сацыялягічнага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, зарэгістраванага ў Літве. Чаму расьце трывога насельніцтва наконт сытуацыі ў краіне? Чаму людзі ўскладаюць адказнасьць за пагаршэньне эканамічнага становішча на ўладу? Чым тлумачыцца рост колькасьці прыхільнікаў інтэграцыі і з Расеяй, і з Эўразьвязам?

Чаму расьце трывога насельніцтва?

Валер Карбалевіч: “Здаецца, галоўная выснова, якую можна зрабіць са сьнежаньскага апытаньня зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, — гэта тое, што трывога насельніцтва з прычыны эканамічнага становішча ў краіне расьце. Насельніцтва адчувае тэндэнцыю да пагаршэньня ў гэтай сфэры. Колькасьць людзей, якія лічаць, што Беларусь разьвіваецца ў правільным кірунку, і тых, хто лічыць наадварот, фактычна зраўнялася, хоць яшчэ ў верасьні рэспандэнтаў, упэўненых у правільным разьвіцьці краіны, было на 16% болей, чым тых, хто думаў інакш. А адносна прагнозу на 2008 год пэсымістаў больш, чым аптымістаў. Чым вы патлумачыце такую тэндэнцыю?”

Аляксандар Сасноў
Аляксандр Сасноў: “Насельніцтва напалохана той нафтагазавай вайной з Расеяй, якая адбылася мінулым Новым годам. Газавую вайну 2004 году Лукашэнка выйграў поўнасьцю. А вось апошнюю вайну ён прайграў.

Грамадзтва лічыць, што нас чакае пагаршэньне эканамічнага становішча, і ня верыць аптымістычным запэўніваньням улады. Таму, што тычыцца прагнозу, пэсымістаў больш, чым аптымістаў”.

Аляксандар Класкоўскі: “Болевая кропка — цэны. Гэтае пытаньне трывожыць 84,2% грамадзян, а кожны пяты заявіў, што шакаваны імі. Хоць афіцыйна інфляцыя складае каля 10% за мінулы год, але насельніцтва больш давярае сваім назіраньням. Напрыклад, увосень малочныя прадукты падаражэлі на чвэрць, алей — амаль удвая за год, пяць разоў за год даражэў бэнзін і інш.
Пахіснулася вера ў непарушнасьць беларускай мадэлі

Важнае значэньне мае псыхалягічны аспэкт. Пахіснулася вера ў непарушнасьць беларускай мадэлі. Як нехта з палітолягаў трапна сказаў, Лукашэнка страціў якасьці дэміурга. Зьявілася няўпэўненасьць у заўтрашнім дні, што і правакуе такія настроі. І гэты трэнд будзе мацнець. Невыпадкова Лукашэнка сказаў летам важную фразу, што не апазыцыя зьяўляецца для нас галоўным ворагам, а пагроза фінансавага абвалу”.

Чаму людзі вінавацяць уладу?

Карбалевіч: “Сапраўды, размываецца галоўны падмурак, на якім базуецца існы рэжым – гэта ідэя стабільнасьці. Менавіта пад гэтую ідэю цяпер падкладаецца міна запаволенага дзеяньня.
4% насельніцтва выступае супраць адмены льготаў. 46,4% вінавацяць у пагаршэньні эканамічнага становішча ў краіне Лукашэнку. Галасаваць за яго гатовы толькі 40%

Гледзячы па ўсім, віну за такі прыкры стан рэчаў у краіне людзі ўскладаюць на ўладу. 74% насельніцтва выступае супраць адмены льготаў. 46,4% вінавацяць у пагаршэньні эканамічнага становішча ў краіне Лукашэнку. Галасаваць за яго гатовы толькі 40%. Зьменшылася колькасьць прыхільнікаў улады, вырасла колькасьць праціўнікаў. Чаму людзі ўскладаюць адказнасьць за пагаршэньне эканамічнай сытуацыі на ўладу, а не, напрыклад, на сусьветную тэндэнцыю росту цэн або на Расею, якая падвышае цэны на газ і нафту?”

Сасноў: “Улада ўзяла на сябе адказнасьць за ўсё ў краіне, завязала на сабе ўсе пытаньні, абяцала вырашыць усе праблемы, заяўляла, што не дапусьціць нічога дрэннага. Лукашэнка казаў, што ён адзіны палітык у Беларусі. Ён даваў зразумець, што дамовіцца з Расеяй.

А цяпер высьветлілася, што ўлада ня вельмі здольная вырашыць праблемы, якія паўсталі перад краінай. І таму цяпер для насельніцтва зразумела, хто вінаваты. У выніку рэйтынг Лукашэнкі пахіснуўся”.

Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: “Вядома, што палітычны рэжым у Беларусі пэрсаналісцкі. Калі сытуацыя была добрая, улада прысабечвала ўсе посьпехі, казала, што гэта наша мудрая палітыка дае такі плён. А калі сытуацыя пагоршылася, то ўсё вяртаецца бумэрангам.

Пасьля нафтагазавай вайны вырас давер да незалежных мэдыяў. То бок пакуль было добра, насельніцтва згаджалася слухаць прапагандысцкія байкі, хоць і ня надта ім давярала. А вось калі стала кепска, то адразу ўзьняўся попыт на незалежную інфармацыю.

Іншая рэч, што гэтыя зьмены не прыводзяць да росту пратэстнай актыўнасьці. Рэйтынг даверу да апазыцыйных партыяў застаўся на самым нізкім узроўні. Грамадзтва ня бачыць у апазыцыі альтэрнатывы. І людзі, расчараваныя ў палітыцы Лукашэнкі, папаўняюць электаральнае “балота”.

Таму можна прагназаваць, што калі перад чарговымі выбарамі ўлады пачнуць падвышаць заробкі і пэнсіі, то рэйтынг Лукашэнкі можа ўзьняцца. Можна ўзгадаць, што на мяжы 2003 году ў Лукашэнкі быў абсалютны мінімум рэйтынгу — 27%. Іншае пытаньне, ці будзе ва ўладаў рэсурс пад выбары 2011 году, каб зрабіць такія іньекцыі”.

Чым тлумачыцца рост прыхільнікаў інтэграцыі і з Расеяй, і з Эўразьвязам?


Карбалевіч: “Цікавай тэндэнцыяй стаў рост колькасьці прыхільнікаў інтэграцыі і з Расеяй, і з Эўразьвязам (ЭЗ). 43,6% людзей гатовыя галасаваць на рэфэрэндуме за аб’яднаньне з Расеяй. Гэта на 10% больш, чым у верасьні. А за ўступленьне ў ЭЗ выступае 37% — на 7% больш, чым падчас верасьнёўскага апытаньня. Чым гэта патлумачыць?”
Кожны шосты грамадзянін адначасна выступае за аб’яднаньне і з Расеяй, і з ЭЗ. Хоць зразумела, што адзін варыянт выключае другі

Класкоўскі: “Кожны шосты грамадзянін адначасна выступае за аб’яднаньне і з Расеяй, і з ЭЗ. Хоць зразумела, што адзін варыянт выключае другі. Гэта можна назваць, груба кажучы, геапалітычнай шызафрэніяй.

Такі парадокс тлумачыцца вось чым. Пакуль рос дабрабыт, то сацыёлягі адзначалі ўсё большую колькасьць ізаляцыяністаў, то бок людзей, якія ня хочуць інтэгравацца ні з Расеяй, ні з Эўропай.

А калі ўсё захісталася, то павялічылася жаданьне прыбіцца да якога-небудзь берагу, дзе было б надзейна. Апошняе апытаньне таксама паказвае, што тыя прапагандысцкія фобіі адносна Захаду, якія ўлада прапануе грамадзтву, ня надта ўспрымаюцца ім. Вялікай варожасьці да заходніх краінаў у насельніцтва няма”.

Сасноў: “Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі восеньню і зімой чамусьці павялічваецца. У дадзеным выпадку рост інтэграцыйных настрояў тлумачыцца банкруцтвам палітыкі ўлады. Людзі пачынаюць разумець, што тая мадэль існаваньня, якую прапануе кіраўніцтва Беларусі, ня мае пэрспэктываў.

Гэтыя настроі сьведчаць, што існуе няўпэўненасьць людзей у магчымасьцях беларускай дзяржавы выжыць самастойна, у здольнасьці ўладаў выруліць з гэтай няпростай сытуацыі”.
Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што колькасьць прыхільнікаў інтэграцыі восеньню і зімой чамусьці павялічваецца

Класкоўскі “Апытаньне паказвае, што калі адкінуць пэнсіянэраў, то большасьць дарослага насельніцтва жадае выехаць за мяжу на працу альбо на сталае жыхарства. А гэта сьведчаньне няверы грамадзян у пэрспэктывы беларускай мадэлі.

Гэты геапалітычны разлом грамадзтва, які мае даволі стабільны характар, — небясьпечная зьява. Хоць такая сытуацыя дае ўладам магчымасьць балянсаваць паміж Расеяй і ЭЗ, але ў пляне стратэгічнага выбару Беларусі гэта кепска. Цягам 15 гадоў краіна загрузла на нейкім гістарычным раздарожжы. І калі яна выберацца, на жаль, невядома”.