Сёньня ў Рэчыцы ў карціннай галерэі краязнаўчага музэю прэзэнтавалі каталёг палотнаў Аляксандра Ісачова. 11 студзеня мастаку споўнілася б 53 гады.
Але ўжо два дзесяцігодзьдзі, як яго няма. Пры жыцьці Аляксандра Ісачова не прызнавалі.
На выставу Ісачова ў Рэчыцы ўдалося сабраць 35 аўтарскіх твораў. А ў каталёгу, які напярэдадні выпусьціла выдавецтва “Беларускі кнігазбор”, пералічаны 324 ягоныя палатны. Гаворыць мастак Алесь Пушкін:
“Дзякуй Богу, што хоць 35 твораў Ісачова ўцалелі і знаходзяцца на Беларусі. Бо, да прыкладу, у Малевіча, які жыў у Віцебску, ніхто ў той час не надумаў купіць за нейкі мех бульбы арыгінал твору. Таму выстава Ісачова своечасовая, вельмі моцна прагучыць. Таксама цудоўна, што ёсьць каталёг. Дзякуй арганізатарам!”.
Алесь Пушкін вучыўся з Аляксандрам Ісачовым у Менску ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. Ён лічыць, што Ісачоў прычыніўся да таго, каб беларускае мастацтва атрымала шырокую вядомасьць.
“Дзякуючы перабудове, якую абвясьціў Міхаіл Гарбачоў у 1985 годзе, пачалі адчыняцца выставы андэграўнду ў Маскве і Пецярбургу. І Беларусь ня выпала з гэтага кантэксту. На ягоныя першыя выставы стаялі чэргі. Больш такога ажыятажу і вядомасьці ня выпала пакуль ніводнаму нашаму мастаку”.
У выданьні каталёгу твораў Аляксандара Ісачова ўдзельнічала жонка мастака Натальля. Яна кажа:
“Гэта велічэзная праца, і зноў-такі дзякуй дасьледчыку Алегу Арлову. Мы зь ім аб’езьдзілі Санкт-Пецярбург, былі ў Мазыры, Гомелі. Рабілі здымкі карцін, якія маглі зьняць, дастаць. У мяне быў сьпісавы каталёг Сашавых прац з 1974 году, і ён пацьвярджаўся фотаматэрыяламі. Мы аднаўлялі мой фотаархіў, але ўжо на новым тэхнічным узроўні. Архіў таксама быў скрадзены разам зь некаторымі працамі”.
На выставе ў Рэчыцы побач з карцінамі Аляксандра Ісачова экспануюцца працы ягонага сына — геафізыка Яраслава Ісачова. 15 студзеня выстава перамесьціцца з Рэчыцы ў Гомель.
Даведка “Свабоды”: Аляксандар Ісачоў нарадзіўся 11 студзеня 1955 году ў вёсцы Азарычы Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Яму не было і трох гадоў, калі ён, страціўшы бацьку, разам з маці пераехаў у Рэчыцу. Усё далейшае жыцьцё Аляксандра пазначана ценем непрытульнасьці: навучаньне ў школе-інтэрнаце ў Мазыры, у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы й выяўленчым мастацтве, адкуль праз чатыры гады яго выключылі.
Узяўшы хрост у 19 гадоў, Ісачоў павяртаецца тварам да Бібліі, адкуль у ягоныя карціны прыходзяць тэмы Ісуса, Майсея, апосталаў.
Памёр Аляксандар Ісачоў у 32 гады, пасьпеўшы стварыць амаль 400 карцінаў.