Вызваленыя калюмбійскімі экстрэмістамі закладніцы прыбылі ў сталіцу Вэнэсуэлы Каракас.
Былую дэпутатку калюмбійскага парлямэнту Кансуэлу Гансалес дэ Пэрдома сустракалі дзьве яе дачкі. Экс-кандыдат на пасаду віцэ-прэзыдэнта Калюмбіі Клара Рохас пасьля сямігадовага расстаньня змагла абняць сваю 76-гадовую маці.
Дзьве закладніцы, якіх трымалі каля сямі гадоў у амазонскай сэльве калюмбійскія ваяўнікі, былі нечакана вызваленыя і перададзеныя прадстаўнікам Міжнароднага камітэту Чырвонага крыжу. За час палону ў Клары Рохас нарадзіўся сын, якога нядаўна выявілі ў адным зь дзяржаўных дзіцячых прытулкаў.
Іх вызваленьне стала магчымым дзякуючы пасярэдніцтву прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса. Менавіта зь ім першым і размаўлялі па мабільным тэлефоне былыя закладніцы. Вось як дзякавала Уга Чавэсу Клара Рохас:
“Спадар прэзыдэнт, мы глыбока ўдзячныя вам за тое, што вы для нас зрабілі. Тысячу разоў дзякуй. Так, мы вяртаемся. Калі б вы бачылі нашую ўзрушанасьць, калі мы ўгледзелі гэлікоптэры!”
У сераду ўвечары экстрэмісты паведамілі Уга Чавэсу месца, адкуль можна забраць закладніцаў. Урад Калюмбіі адразу ж накіраваў туды два гелікоптэры з прадстаўніком вэнэсуэльскага ўраду ў якасьці пасярэдніка, прадстаўнікамі Чырвонага Крыжу і лекарамі. Таксама ўрад Калюмбіі ўстрымаўся на 12 гадзінаў ад баёў з узброенымі групоўкамі экстрэмістаў і ад паветраных зносінаў у тым раёне.
Спроба вызваленьня павінна была адбыцца 10 дзён таму. Тады Уга Чавэс шырока разрэклямаваў у мэдыях магчымае вызваленьне як гуманістычны акт і справу добрай волі яго і ягоных саюзьнікаў – ваяўнікоў гэтак званых Рэвалюцыйных узброеных сілаў Калюмбіі. Але 31 студзеня апэрацыя з удзелам таксама былога прэзыдэнта Аргентыны Нестара Кірхнэра, дэлегацыяў шасьці ўрадаў і кінарэжысэра Олівэра Стоўна была нечакана адмененая. Тады калюмбійскі ўрад выявіў і абвясьціў, што маленькі Эмануэль, сын Клары Рохас, ужо два гады не ў руках ваяўнікоў, а жыве пад чужым імем у Багаце.
Некаторыя заходнія мэдыі тую няўдалую апэрацыю назвалі спэктаклем, які пацьвердзіў безадказнасьць экстрэмістаў, паставіў у недарэчны стан Чавэса і ўзмацніў правату прэзыдэнта Калюмбіі.
Учорашняя апэрацыя адбывалася больш спакойна і з удзелам калюмбійскага ўраду. Калюмбія заявіла, што маленькі Эмануэль вернецца да маці праз тры тыдні.
Закладнікамі экстрэмістаў застаюцца каля 50 чалавек, сярод якіх жаўнеры ўрадавых войскаў, чыноўнікі, трое амэрыканцаў і Інгрыд Бэтанкур, якая мае падвоенае франка-калюмбійскае грамадзянства. Дарэчы, выкрадзеная разам зь ёю Клара Рохас паведаміла, што ня бачыла яе ўжо тры гады.
Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калюмбіі/Народная Армія – гэта ўзброенае крыло Калюмбійскай камуністычнай партыі. Вядзе барацьбу з урадам ад 1964 году. Зьяўляецца адной з найстарэйшых і найбуйнейшых лявацкіх узброеных груповак Лацінскай Амэрыкі. Групоўка кантралюе прыкладна траціну тэрыторыі Калюмбіі. У яе шэрагах каля 4 тысяч ваяўнікоў. Урад Калюмбіі, Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз лічаць групоўку тэрарыстычнай арганізацыяй.