Учора ў Шклове адбылося судовае паседжаньне ў крымінальнай справе, заведзенай на кіраўніка шклоўскай суполкі партыі БНФ Аляксандра Фёдарава.
Паседжаньне доўжылася меней за гадзіну. Пачалося яно з хадайніцтва дзяржаўнага абвінаваўцы. Тая прасіла суд спыніць разгляд справы і прызначыць чарговае паседжаньне не пазьней чым празь месяц. Сваё хадайніцтва яна патлумачыла тым, што камунальнікі не пасьпелі ў час правесьці рэвізіі.
Пры разборы высьветлілася, што рэвізіяў і не пачыналі.
Судзьдзя Тараканаў патрабаваньне адваката не задаволіў. Хадайніцтва ж дзяржаўнага абвінаваўцы суд задаволіў і прызначыў наступнае судовае паседжаньне на 11 лютага.
31 кастрычніка, калі пачаўся суд, Аляксандар Фёдараў заяўляў, што ён, каб падтрымаць працу кацельняў, вымушаны быў набываць запасныя дэталі на рынку, і яны засталіся ня ўлічаныя перадсудовай рэвізіяй.
Аляксандру Фёдараву інкрымінуюць злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, парушэньне парадку выплаты заробкаў ды прысабечваньне дзяржаўнай маёмасьці. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня.
Ад 1994 году Аляксандар Фёдараў працаваў майстрам кацельняў. Перад зьняволеньнем ён кіраваў трыма кацельнямі — усе яны былі ўзорнымі.
Аляксандар Фёдараў — актыўны ўдзельнік выбарчых кампаніяў. У 2001 годзе яго ўжо арыштоўвалі на загад пракурора Сьніткова, але тады хутка вызвалілі.