Агляд форумаў і блогаў белнэту
На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць інфармацыю пра памер пэнсіяў у Беларусі. Сэрэдняя пэнсія па ўзросьце ў Беларусі склала 160 даляраў. Гэткую ж пэнсію цяпер плацяць у Расеі. Ва Ўкраіне яна ніжэйшая – 120 даляраў. Удзельнікі форумаў разважаюць:
«Пра суадносныя з Расеяй пэнсіі хлусяць. У мяне там бабці жывуць (на пэрыфэрыі), мы параўноўвалі. Да асноўнай пэнсіі ёсьць розныя дабаўкі плюс льготы, можна адразу грашыма браць на праезд і лекі. Вопратка, харчы, квартплата таньней чым у нас».
«Доўга ад ідэі павелічэньня пэнсійнага ўзросту адмаўляцца ня будзем, а лепей за ўсё ўзьняць пэнсійны ўзрост да 100 год і не пераймацца».
«А старыя ўсё адно будуць ЗА! Крыўдна за іх...»
Блогер Kapialush распачаў у сваім сеткавым дзёньніку дыскусію: ці варта дзяўчыне займацца палітыкай, быць змагаркай і як заангажаванасьць у палітыку адбіваецца на ейнай прывабнасьці? Меркаваньні чытачоў блогу:
“Мне падаецца ідэальным варыянтам "залатая сярэдзіна" – гэта калі дзяўчына мае правыя перакананьні, але разам з тым не цікавіцца абсалютна палітыкай і ня мае жаданьня ўдзельнічаць ў ёй”.
“Калі дзяўчына лётае, як баявік УНА-УНСО, са сьцягамі і гатовая галавою сьцены крышыць, таксама не варыянт. Я ўсё ж кансэрватар, дзяўчына павінна дома сядзець і дзяцей гадаваць, а не на барыкадах”.
“Ну калі большасьць мужыкоў будзе на барыкадах, а не на канапах, то тады я згодная сядзець дома й нараджаць дзяцей. А так пакуль канцэнтрацыя тых, за якімі бы сябе можна было адчуваць "як за сьцяной" не настолькі вялікая, каб можна было дазволіць сабе такую раскошу”.
“Уявіла сабе малюначак: калі б з намётавага мястэчка прыбраць жанчын і дзяўчын, колькі б там засталося людзей...”
Chegor піша на сайце блогаў “Позірк” :“І ўсё ж складваецца такое ўражаньне , што сымбалем Беларусі ёсьць не які-небудзь Зубр (ці скажам Бусел), а звычайная жаба-рапуха. Сядзяць такія вось жабы, накрыюцца тваньню й цёпла ім там, і ўтульна, і камфортна (вядома ж, настолькі, наколькі можа быць утульна ў балоце). І не жадаюць гэтыя жабы ні бачыць, ні чуць нічога новага.
Ня любяць такія вось рапухі, калі выяўляецца, што апроч іх (самых разумных і неабходных) існуюць “іншыя”, і што гэтыя “іншыя” таксама жадаюць рабіць нешта сваё. Як гэтыя рапухі не любяць, калі пад даўно аблюбаваны імі корч перад самым носам ускоквае нехта іншы. А ёй-ёй што пачынаецца, крыку будзе – дык дакладна: “Здраднікі! Калябаранты! Прадаліся рэжыму” (варыянт 1); “Мы ведаем, дзе яны гранты бяруць…” (варыянт 2)
Я раней не разумеў, чаму некаторыя мае знаёмыя – цудоўныя паасобку людзі – ня вельмі, так скажам, любяць адзін аднаго... А зараз разумею... Уся справа ў балоце, у якім кожны любіць толькі самога сябе, прыгожага й непаўторнага. P.S. Усе супадзенні выпадковыя. Апроч балота…»
Паэт Андрэй Хадановіч у сваім блогу зьмяшчае новы дзіцячы верш пад назвай «Кантрабандысты»:
Покуль цёмна, покуль ціха,
Па траве паўзе смаўжыха,
З падарункамі смаўжу,
Празь дзяржаўную мяжу.
Тут - памежнік: "Вось сустрэча!
Што вязеш? Якія рэчы?"
А яна яму: "Каўбой,
Ўсё сваё нашу з сабой".
Паглядзеў ён на валізкі:
Рэчаў шмат і шлях няблізкі,
І смаўжыху ўсім на зьдзіў
Без агляду прапусьціў.
І назад да бабы Ванды
З поўным мехам кантрабанды
Прапусьцілі на мяжы...
Ну, чаму мы не смаўжы?!»