Сёньня ўжо больш як 400 рэгіянальных актывістаў кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” заявілі, што возьмуць удзел у акцыі пратэсту ў Менску 10 студзеня. На Кастрычніцкую плошчу разьлічваюць патрапіць таксама шматлікія былыя прыватныя гандляры з рынкаў Менскай, Віцебскай, Берасьцейскай абласьцей, якія сталі беспрацоўнымі.
Аляксандра Цацуру з Салігорску 11 сьнежня мінулага года, калі ў Менску адбывалася папярэдняя акцыя пратэсту, арыштавалі на 10 сутак. Зараз ён цьвердзіць, што няма страху зноў рызыкаваць:
“Злы стаў на гэты ўціск. Заўтра еду. І шмат іншых людзей прыедзе ў Менск з Салігорску. Дабірацца будзем, хто як зможа. У нас была агітацыйная ўлётка. Распаўсюдзілі яе па ўсім горадзе — і на рынках, і ў крамах. Салігорск цалкам праінфармаваны”.
Пра намеры віцебскіх прадпрымальнікаў паведамляе старшыня рады прадпрымальнікаў рынку “Смаленскі” Сяргей Парсюкевіч. У папярэднюю акцыю ён наўмысна завязаў сабе рот, каб міліцыянты не змаглі традыцыйна абвінаваціць яго ў брыдкай лаянцы.
“Сапраўды, гэта фальшывыя абвінавачаньні ў тым, чаго няма, – кажа спадар Сяргей, – ну, а на мітынг у Менск ня толькі я зьбіраюся, але і шмат народу. Іншых варыянтаў няма. Дапамогуць толькі масавыя мерапрыемствы, бо практычна сёньня рынкі не працуюць”.
Далей меркаваньне лідэра прадпрымальнікаў у Баранавічах Алега Пашко:
“Заўтра едзем у Менск! Ну а што рабіць?!"
“Заўтра едзем у Менск! Ну а што рабіць?! Практычна палова месцаў прадпрымальнікаў пустуе. Працаваць мы ня можам. Я вось зь дзіцем сяджу. Урэшце дзіка становіцца. Няўжо на нас плюнуць як на людзей? З-за гэтага некаторыя нашы людзі гатовыя начаваць у Менску на плошчы”.
Прадпрымальнік з райцэнтра Ўзда Віктара Крываль змушаны спыніць продаж менскага хлебу ў райцэнтры Ўзда. Кажа, што мясцовыя жыхары ўсхваляваныя гэтым, просяць бараніць на Кастрычніцкай плошчы і іхныя інтарэсы:
“У мяне быў гарачы менскі хлеб! Я працаваў кожны дзень! І да мяне людзі цяпер ідуць. Адбываецца такі элемэнт братэрства. Пэнсіянэры заходзяць, настаўнікі ды іншыя людзі, якія кажуць: “Для нас адмянілі льготы, а зараз і вас “зарэзалі”. Што ж гэта робіцца ў дзяржаве? Са сваіх грамадзянаў зьдзекуецца ўлада!”