“Беларуская дзяржава лічыць праваслаўную царкву галоўным ідэолягам нацыі”. Гэтак заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня менскага Катэдральнага сабору. “Мы ніколі не аддзялялі сябе ад царквы, бо дзяржава і царква рашаюць адну і тую задачу,” – дадаў кіраўнік Беларусі. Ці адпавядаюць гэтыя словы рэальнаму стану рэчаў? Чаму Лукашэнка зноў робіць камплімэнты праваслаўнай царкве? На гэтыя пытаньні адказвае філёзаф Валянцін Акудовіч
Цыганкоў: “Часам палітыкі гавораць нейкія рэчы, якія патрэбныя ім для пэўнай кан’юнктуры, вырашаючы тым самым нейкія свае задачы. Наколькі адпавядае рэчаіснасьці заява Аляксандра Лукашэнкі? Ці гэта проста быў палітычны камплімэнт (дарэчны ці не, іншая справа) на адрас Праваслаўнай царквы?”
Акудовіч: “Сёньня хіба толькі лідэр нейкай мусульманскай краіны можа казаць, што рэлігія ёсьць дзяржаўнай ідэалёгіяй. А ў хрысьціянскім сьвеце такога даўно няма нават там, дзе рэлігійнасьць яшчэ моцна шануецца. У лепшым выпадку рэлігійныя каштоўнасьці зьяўляюцца адным са складнікаў дзяржаўнай і нацыянальнай ідэалёгіі, але ня болей.
У выпадку ж беларускім тое, што казаў Лукашэнка – няпраўда, альбо скажам мякчэй, добрае скажэньне рэальнасьці. Рэч у тым, што нацыянальнай ідэалёгіі як не было, гэтак і няма. І яе ня будзе, пакуль ва ўладзе Аляксандар Лукашэнка. Бо кожная ідэалёгія – гэта нейкая ўнівэрсальнасьць, якой падпарадкоўваюцца ўсе – і просты грамадзянін, і кіраўнік дзяржавы. Таму для Аляксандра Лукашэнкі, які хоча быць адзінаўласным гаспадаром гэтым земляў і гэтых людзей, ніякая ідэалёгія непатрэбна, бо яна будзе замінаць адзінаўладзьдзю.
Што да словаў пра Праваслаўную царкву, то яны скажаюць рэальнасьць яшчэ і ў тым сэнсе, што Беларусь – шматнацыянальная, шматканфэсійная краіна, і таму ніякага рэлігія тут ня можа заняць месца адзінай ідэалёгіі”.
Цыганкоў: “За апошні год адносіны беларускай улады і Праваслаўнай царквы разьвіваліся ня самым ідэальным чынам. Але зараз вось Лукашэнка выступае з такім камплімэнтам на адрас РПЦ. Ці ня можна гэта неяк зьвязаць з палітычнымі падзеямі? – найперш узгадваецца апошняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна?”
РПЦ – гэта “пятая калёна” Масквы ў Беларусі
Акудовіч: “Я б не выключаў, што якраз гэтыя апошнія падзеі адбіліся на такім панэгірыку на адрас Расейскай праваслаўнай царквы. Я калісьці ўжо казаў, што РПЦ – гэта “пятая калёна” Масквы ў Беларусі. Аляксандар Лукашэнка можа зь ёй канфліктаваць, але да пэўнай ступені. Таму ён увесь час балянсуе ў сваіх стасунках з палітычным суб’ектам, якія зьяўляецца РПЦ. Калі яна залішне выяўляе ініцыятыву і самастойнасьць, то ён яе “прыструньвае”, а калі трэба, ён на ёй зарабляе палітычны капітал -- ці ўнутры краіны, ці ў зьнешнепалітычных стасунках”.