У Парыжы адкрытая пэрсанальная выстава францускага мастака беларускага паходжаньня, аднаго зь лідэраў экспрэсіянізму Хаіма Суціна.
У экспазыцыі каля 80 карцін. Невялікая частка зь іх трапіла на выставу з усясьветна вядомых мастацкіх музэяў. Большая частка невядомая шырокай публіцы, паколькі зьяўляецца ўласнасьцю прыватных калекцыянэраў Японіі, Швэйцарыі, Нямеччыны, Францыі, ЗША. Як пішуць мастацкія аглядальнікі, верагоднасьць таго, што у хуткім часе гэтыя творы зноў зьбяруць пад адным дахам – невялікая.
Выстава Суціна адкрылася ў лістападзе. Аднак найбольшы наплыў наведнікаў назіраецца ў гэтыя навагоднія дні. Парыская мастацкая галерэя Пінакатэка знаходзіцца побач зь вядомым гастраномам Фашон. Купляючы шампанскае ў гэтак званым храме гастраноміі, парыжане і шматлікія турысты, зазіраюць і ў гэты храм мастацтва.
Міты пра паходжаньне
Паводле Пэтэра Кропманса, аглядальніка швэйцарскай Neue Zuercher Zeitung, шматлікія наведнікі экспазыцыі, якія штодня рухаюцца па трохузроўневым лябірынце выставы, знаёмяцца ня толькі з нэрвовым, па-экспрэсіянісцку гіпэртрафаваным сьветам Хаіма Суціна, але з незвычайнай біяграфіяй гэтага мастака. Яна прадстаўленая ў розных праспэктах, буклетах ды на інфармацыйных стэндах экспазыцыі. Так многія аматары творчасьці Суціна ўпершыню даведваюцца пра беларуска-габрэйскае паходжаньне мастака. А не пра літоўска-габрэйскае ці расейска-габрэйскае, як пра гэта пісалася на Захадзе раней.
Сапраўды, у Расеі Хаім Суцін ніколі ня жыў. Ён нарадзіўся 115 гадоў таму ў мястэчку Сьмілавічы пад Менскам, у беднай сям’і краўца. Вучыцца на мастака пачаў у 14-гадовым узросьце ў Менску, потым у 17 год трапіў у Вільню. У мясцовым юдаісцкім таварыстве заўважылі талент юнака і параілі яму ехаць вучыцца далей, у культурніцкую сталіцу сьвету – Парыж.
У 1913 Хаім Суцін апынуўся на Манпарнасе. Дарэчы, у адной кампаніі са сваімі землякамі – Маркам Шагалам зь Віцебску, Пінхусам Крэменем зь Віленшчыны, Ісакам Кікоіным з Коўна. Ва ўспамінах сучасьнікаў Суцін выглядаў вельмі дзіўным чалавекам. Да канца жыцьця ён размаўляў па-француску з моцным местачковым акцэнтам. Вонкава быў падобным на кляшара, нярэдка апранаў старое паліто на голае цела. Суседзі Суціна пастаянна скардзіліся на яго ў паліцыю: у сваёй кватэры мастак літаральна складаваў гнілое мяса, бо яно было сталай тэмай ягоных натурмортаў. З-за вар’яцкага характару Суціна пакідалі натуршчыцы і сябры.
Суцін і Мадзільяні
Па сутнасьці, адзіным ягоным сябрам быў Амадэа Мадзільяні. Яны пазнаёміліся ў 1915 годзе і адразу пасябравалі. Мадзільяні намаляваў чатыры партрэты Суціна, Суцін –ніводнага Мадзільяні. Пасьля сьмерці сябра, Суцін становіцца вельмі замкнёным і адзінокім. У часе нямецкай акупацыі Францыі ён хаваецца ад фашыстаў у Нармандыі. Тут ён злоўжывае танным сухім віном, у выніку чаго ў яго абвастраецца язва страўніка. У 1943 мастак памірае ад пэрытаніту.
На сёньняшні дзень не засталося ні лістоў, ні дзёньнікаў, і нават фотакартак мастака. Як сьведчыць галоўны куратар цяперашняй выставы Суціна Марк Растэліні, сваё рашэньне арганізаваць экспазыцыю мастака ён прыняў дзякуючы аднаму з чатырох партрэтаў Суціна працы Мадзільяні. “Гэты партрэт раскрывае ўсю незямную энэргетыку Суціна. Яе Мадзільяні адчуў імгненна і цалкам”, – кажа Марк Растэліні.
Прарэктар беларускай акадэміі мастацтваў Міхал Баразна належыць да тых, хто напачатку 90-х пачынаў прапагандаваць творчасьць Суціна на радзіме мастака – у Беларусі:
“Суцін – адзін з пачынальнікаў калярыстычнага экспрэсіянізму ў эўрапейскім маштабе і зьяўляецца адным зь лідэраў гэтага працэсу, – кажа Міхал Баразна. – Гадоў 15 таму я ўдзельнічаў у стварэньні на БТ перадачы пра яго. У Беларусі сярод спэцыялістаў, якія цікавяцца мастацтвам, жывапісам, ён вядомы з сярэдзіны 60-х, а сярод шырокага кола аматараў мастацтва – дзесьці гадоў 15, ня болей. Вядомасьць прыйшла ў зьвязку з публікацыямі ды тэлевізійнымі праграмамі пра ягоны лёс, пра Сьмілавічы – месца, дзе ён нарадзіўся. Дарэчы, калі бываеш у гэтым мястэчку, то яго жыхары могуць расказаць кароткую біяграфію гэтага мастака”.
Беларусы убачаць карціны толькі па запрашэньні
Паводле Міхала Баразны, беларускія аматары творчасьці Суціна, безумоўна, хацелі б убачыць арыгінальныя працы мастака. Але ж самая вялікая перашкода на гэтым шляху – працэдура атрыманьня візаў. Як лічыць беларускі мастак, усё гэта было б куды менш складана, калі б беларускія турыстычныя агенцтвы паспрабавалі арганізаваць адмысловыя туры ў Парыж.
У францускай амбасадзе ў Менску нашаму радыё паведамілі, што падобных прапановаў ад турфірмаў да іх не паступала. На пытаньне, ці можна трапіць на выставу ў Парыж без нейкіх адпаведных запросінаў з францускага боку, супрацоўніца амбасады адказала: “Я думаю, што такой магчымасьці няма. Шкада, аднак запрашэньне зьяўляецца галоўнай падставай дзеля таго, каб выдаць візу. Я разумею, што ёсьць вялікая цікавасьць, аднак для візавай службы патрэбная адпаведная папера”.
Для асобаў, маладзейшых за 25 год, віза ў францускай амбасадзе выдаецца бясплатна, для іншых яна каштуе 60 эўра . Выстава ж Хаіма Суціна ў Парыжы працягнецца да канца студзеня.