Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 6 студзеня)
У часы ваяўнічага атэізму званіцы нешматлікіх дзейных цэркваў і касьцёлаў маўчалі. Званы зь іх былі зьнятыя і адпраўленыя на пераплаўку для патрэбаў “народнай гаспадаркі”. На адноўленых храмах яшчэ нядаўна замест званоў выкарыстоўваліся звычайныя рэйкі. Апошнім часам над беларускімі гарадамі і мястэчкамі можна пачуць мілагучныя перазвоны. А для падрыхтоўкі званароў існуюць адмысловыя вучэльні. У “Вольнай студыі” – першы прафэсійны званар Беларусі, колішні кіраўнік віцебскай звоннай школы Зьміцер Гаранскі.
“Адчуваньні званара на званіцы падчас звону нельга пераказаць словамі”
Міхась Скобла: “Зьміцер, я толькі аднойчы чуў, як вы званілі на званіцы заслаўскай Спаса-Прэабражэнскай царквы, і адразу скажу, што гэта – мастацтва. А дзе спасьцігаецца мастацтва званара, і колькі на гэта трэба часу?”
Зьміцер Гаранскі: “Такіх школаў у Беларусі да нядаўняга часу існавала дзьве. Адна ў Менску, на вуліцы Прытыцкага, яна і цяпер дзейнічае, другая працавала ў Віцебску пад маім кіраўніцтвам. Пасьля майго пераезду ў сталіцу яна не працуе, спадзяюся, часова. Сама праграма навучання ў звоннай школе разьлічаная на тэрмін ад трох месяцаў да году, але за гэты час даюцца толькі базавыя навыкі. А само мастацтва званара спасьцігаецца ўсё жыццё, яно патрабуе ўвесьчаснага ўдасканальваньня. Я вучыўся ў знакамітага расейскага званара Сяргея Пятроўскага, які прыяжджаў да нас у Заслаўе. Потым доўгі час дасканаліў сваё ўмельства, прымаў у дзел у звонных фэстывалях, якія праходзілі ў Пецярбургу, у Малдове, у іншых краінах і гарадах”.
Скобла: “А што прывяло вас на званіцу? Хто там пабываў, той ведае, што на званіцы даволі няўтульна: вецер-скавыш, холадна, з усіх бакоў прадзімае. Умовы зусім не камфортныя. Ці вам на званіцы ўтульна?”
Гаранскі: “Людзі ідуць на званіцу не з-за ўтульнасьці. Памятаеце, быў такі спэктакль па п’есе Івана Чыгрынава “Звон – не малітва”? Дык вось, насамрэч, звон – гэта якраз малітва. Па-першае, звон ніколі не паўтараецца, па-другое, званар не па нотах звоніць, ён ня мае перад сабой нотнага стану. Званар у звон укладае сваю душу, таму звон – гэта малітва. Вы кажаце, што на званіцы скразьнякі, холадна... Ды й падымацца на званіцу ня кожнаму пад сілу. Але ўсе гэтыя перашкоды пераадольныя. А тыя адчуванні, якія званар атрымлівае падчас звону, нельга пераказаць словамі”.
Скобла: “Вы кіравалі віцебскай звоннай школай. А колькі званароў выпусьцілі ў сьвет?”
Гаранскі: “Выпускнікоў у нас было даволі шмат, але пасьведчаньняў званара мы выдалі не так і многа. Пасьведчаньняў, якія дазваляюць залічыць званара ў штат таго ці іншага храму, што дапускае яго да багаслужбаў. Да нас у школу прыходзілі і старыя, і малыя, прытым неабавязкова праваслаўнага веравызнаньня”.
“Падчас хросных хадоў у Віцебску і Воршы мне даводзілася званіць бесьперапынна па дзьве гадзіны – да мазалёў на руках”
Скобла: “Калі ты званар – жыві на званіцы”, – прыгадаўся мне радок паэта Ўладзімера Някляева. А колькі часу вы бесьперапынна можаце званіць? Наколькі я разумею, гэта даволі працаёмкі працэс”.
Гаранскі: “Сапраўды, званіць вельмі цяжка, часам і мазалі на руках зьяўляюцца. Бывае вельмі няпроста, асабліва ўзімку, на марозе, адзваніць патрэбныя 20-30 хвілінаў. А мне даводзілася званіць падчас хросных хадоў, якія ладзіліся ў Віцебску і Воршы. Існуе гэткая царкоўная традыцыя – штогод на Ўсьпеньне Багародзіцы хросны ход ідзе праз увесь горад. А званы ўсталяваныя на аўтамабілі, была ў нас такая перасоўная дзевяцізвановая звоньніца, і званар мусіць званіць на хаду. А хросны ход ідзе недзе каля дзьвюх гадзінаў. І ўвесь шлях вытрымаць было вельмі цяжка. Адна справа – калі ты стаіш на званіцы, маеш цьвёрдае апірышча пад нагамі. І зусім другое – калі ты стаіш на хісткім памосьце. Да таго ж, звоньніца – гэта як музычны інструмэнт, які трэба кожны раз настройваць. І настройка гэтая падчас руху зьбіваецца. Таму трэба ў момант звону адной рукой званіць, другой настройваць, падвязваць вяроўкі, тросы і г.д. Вельмі складана працаваць на перасоўнай звоньніцы”.
Скобла: “Існуе гэткі панятак – звонная музыка. У некаторых эўрапейскіх гарадах на плошчах перад храмамі зьбіраецца публіка і слухае адмысловыя канцэрты. А калі звонную музыку можна будзе пачуць у Беларусі?”
Гаранскі: “Гэткія канцэрты ладзяцца і ў нас. Хіба што яны ня вельмі разрэклямаваныя. Штогод у нас у Беларусі праходзяць звонныя фэстывалі. Калі я жыў у Віцебску, там ладзіўся свой фэстываль званоў. Ён арганізоўваўся ў праграме “Славянскага базару”. У 2006 годзе мы, званары, нават прымалі ўдзел у адкрыцьці гэтага вядомага фэстывалю”.
“Звоньніца нагадвае музычны інструмэнт, а званы падзяляюцца на басы, тэнары і альты”
Скобла: “А колькі ў звонным ансамблі павінна быць званоў?”
Гаранскі: Іх можа быць самая розная колькасьць – ад пяці да трыццаці і болей, тут мяжы няма. Здавалася б, у чалавека дзьве нагі і дзьве рукі. І калі недасьведчаны чалавек падымаецца на званіцу, то яму здаецца, што там хаос, столькі наблытаных вяровак! Але гэта толькі на першы погляд, кожны трос ці вяроўка маюць сваё прызначэньне. Звоньніца – гэта як скрыпка ці фортэп’яна.Звоны таксама падзяляюцца на басы, тэнары і альты. Прыкладам, басы – гэта пэдалі. Альты – гэтая левая рука, клявіятура, а тэнары фіксуюцца на правай руцэ. На перасоўнай звоньніцы – восем-дзевяць званоў. Бо яны ж, апрача ўсяго, цяжкія. У Віцебску на перасоўнай звоньніцы ў мяне быў звон вагой 109 кіляграмаў. І я яго адзін цягаў…”
“Каталіцкія і праваслаўныя званы адрозьніваюцца мінорным і мажорным гучаньнем”
Скобла: “Яшчэ школьнікам я залез на званіцу Дзярэчынскага касьцёла і прачытаў на звоне, што яго зрабіў Ян Тамашэвіч яшчэ ў 1718 годзе. А ці старэюць званы, ці не псуецца з гадамі іх гучаньне?”
Гаранскі: “Безумоўна, усё ў нашым жыцьці мае свой узрост, час адбіваецца таксама і на званах. Але зь цягам часу звон раззвоньваецца і набывае свой непаўторны калярыт. Напрыклад, праваслаўныя званы адрозьніваюцца шэрагам обэртаноў, і зь цягам часу колькасьць іх толькі павялічваецца”.
Скобла: “А хіба званы – не міжканфэсійныя?”
Гаранскі: “Зусім не. І ў гэтым ёсьць праблема, бо званы часам перавешваліся з царквы на касьцёл і наадварот. Справа ў тым, што каталіцкі звон адліваўся, як правіла, з чыгуну і меў мінорнае гучаньне. А праваслаўны звон вырабляўся са звоннай медзі (адна частка медзі і дзьве часткі волава) і меў мажорнае гучаньне. Але пасьля вайны, асабліва пасьля камуністычнага палону, званоў не хапала, і часам нават званілі ў рэйкі ці ў кіслародныя балёны. Рэйкі – гэта яшчэ ня самае страшнае, паколькі паводле свайго складу напамінаюць біла, якое раней выкарыстоўвалася ў звоне. Таму рэйкі да нядаўняга часу выкарыстоўваліся падчас літургіі ды іншых службаў у менскім Пятра-Паўлаўскім саборы на Нямізе”.
“Той, хто звоніць у навушніках, баіцца Божага голасу”
Скобла: “Вы на званіцы з маладых гадоў. Кажуць, што гучаньне званоў, калі часта знаходзісься пад імі, даволі небясьпечнае для чалавечых вушэй. Вы не баіцеся аглухнуць? Ці ёсьць нейкія прафэсійныя сакрэты, каб засьцерагчы вушы?”
Гаранскі: “Не, сакрэтаў прафэсійных няма. Вядома ж, трэба сябе берагчы – адзяваць шапку ці адмысловыя навушнікі. Першыя гады, калі я званіў у Заслаўі, у менскім Катэдральным саборы, я выкарыстоўваў навушнікі. А потым паехаў неяк на фэстываль званоў у Пецярбург. Пабачыў там на званіцы мяне мой настаўнік Сяргей Пятроўкі ды спытаўся строга: “Ты што, голасу Божага баісься?!” Ад таго часу я стараюся абыходзіцца без навушнікаў”.
“Гук бронзавага звону забівае некалькі тысячаў бактэрый”
Скобла: “А яшчэ ходзяць чуткі, што гучаньне званоў забівае бактэрыі”.
Гаранскі: “Гэта ня чуткі, гэта даказаны навукай факт. Шмат праводзілася экспэрымэнтаў, і ўсе яны пацьвердзілі – гук бронзавага звону забівае мікробы. Нават сьпіс гэтых мікробаў ёсьць, іх некалькі тысяч. І мы ведаем з гісторыі, што падчас эпідэмій халеры ці чумы ў вёсках і гарадах бесьперапынна званілі званы. І цяпер у Пачаеўскі манастыр, у Троіца-Сергіеў манастыр, іншыя сьвятыя месцы паломнікі адмыслова прыходзяць, каб ацаліцца”.
Скобла: “На вядомым аўтамабільным заводзе імя Ліхачова ў Маскве працуе лябараторыя звоннай акустыкі. Дык вось, яе спэцыялісты выявілі, што гукавая хваля разыходзіцца ад звона ў форме крыжы. Але ж гэта супярэчыць законам фізыкі. Як гэта можна патлумачыць?”
Гаранскі: “Шмат што ў звоне, увогуле ў царкве, супярэчыць законам фізыкі. Цяжкахворы чалавек падымаецца на званіцу, дакранаецца да звону і – ацаляецца. Што пра гэта можа сказаць фізыка ці мэдыцына? Але ж такое адбывалася, і ня раз. У старым Віцебску было трыццаць шэсьць праваслаўных храмаў. Апрача іх існавалі ж яшчэ касьцёлы і сынагогі. І ў кожным зь іх была свая звоньніца. І званілі яны не хаатычна, пачынаўся перазвон ад катэдральнага сабору і ішоў далей, згодна з іерархіяй. Горад гучаў, у гэты час ён нагадваў музычную шкатулку. І сёньня ня шкодзіла б адрадзіць гэтую даўнюю традыцыю. Была б карысьць і для душы, і для цела”.