Беларускія палітыкі і палітолягі ацэньваюць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Грузіі і верагодную перамогу Міхаіла Саакашвілі.
Сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Сяргей Калякін
тлумачыць, чаму, на ягоны погляд, гэтыя выбары нельга лічыць справядлівымі:
“Таму што апазыцыя доўгі час была пазбаўленая магчымасьці распаўсюджваць інфармацыю. Тое, што адбывалася з адзінай незалежнай тэлекампаніяй, калі яе дзейнасьць забаранілі, увёўшы надзвычайнае становішча, а потым яшчэ раз закрылі, і тое, што апазыцыя ня мела тых магчымасьцяў, як Саакашвілі, — гэта, на мой погляд, і ёсьць падстава для таго, каб не лічыць іх раўнапраўнымі і справядлівымі.
Дый наагул, я ня думаю, што Грузіі пашанцавала з абраньнем Саакашвілі. На мой погляд, ён такі ж дыктатар, як і Аляксандар Лукашэнка. І чым больш ён будзе знаходзіцца пры ўладзе, тым менш у Грузіі будзе дэмакратыі”.
Палітоляг Андрэй Фёдараў, наадварот, лічыць, што гэтыя выбары можна лічыць і справядлівымі, і празрыстымі:
“Наколькі я ведаю, там прадстаўнікі апазыцыі былі ва ўсіх выбарчых камісіях. А 6 з 13 сябраў Цэнтральнай выбарчай камісіі таксама былі з апазыцыі. Гэта ж амаль палова! Так што можна лічыць, што абвешчаныя вынікі адпавядаюць рэчаіснасьці.
І радуе, што хоць дзесьці на постсавецкай прасторы выбары праходзяць больш-менш сумленна. І калі пераможца набірае 51% галасоў, дык, зразумела, хтосьці набірае астатнія. І калі лічыць, што ўсе астатнія прадстаўлялі апазыцыю Саакашвілі, дык гэта сьведчыць пра тое, што там ёсьць розныя думкі. Але перамагае ўсё ж той, хто набірае галасоў болей”.
Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі лічыць вынікі грузінскіх выбараў прадказальнымі:
“З улікам таго раскладу, які там існуе, і разьяднанасьці апазыцыйных сілаў, якія так і не змаглі выставіць аднаго кандыдата, зразумелая перамога Саакашвілі.
Калі казаць пра далейшае разьвіцьцё сытуацыі ў гэтай краіне, дык хацелася б верыць, што заявы Саакашвілі пра сумесную працу з апазыцыяй, якія ён зрабіў пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў выбараў, рэалізаваліся. Хаця ў мяне ёсьць шмат сумневу ў гэтым, паколькі існуюць дыямэтральныя падыходы да розных пытаньняў у апазыцыі і ў самога Саакашвілі. І вельмі важна, каб з улікам вынікаў выбараў прэзыдэнт Грузіі скаардынаваў зьнешнюю палітыку ў бок Расеі і краінаў СНД, каб не пераважаў толькі заходні вэктар”.
Намесьнік старшыні незарэгістраванага “Руху “За свабоду” Віктар Карняенка кажа, што яму не спадабалася сытуацыя напярэдадні выбараў, калі была заблякаваная дзейнасьць незалежнага тэлеканалу:
“На перамогу Саакашвілі гэта наклала вялікі адбітак, з майго пункту гледжаньня. На выбарах спадар Саакашвілі выкарыстоўваў адміністрацыйны рэсурс. Таму і стаўленьне да выбараў адпаведнае — як кажуць, не зусім у захапленьні.
Апазыцыя мае права там выказваць свой пункт гледжаньня. Але яшчэ ня факт, што так будзе заўжды. У 1994 годзе і ў Беларусі апазыцыя была больш вольная. Але зь цягам часу ланцуг зацягваўся. І першыя падобныя моманты зьявіліся і ў спадара Саакашвілі. І гэта турбуе”.