Як сьвяткуюць Каляды беларускія VIP?

Ці сьвяткуюць вядомыя беларусы Каляды? Ці хрышчоныя яны, венчаныя, ці былі на споведзі? Ці ведаюць калядныя традыцыі?

Прызнаны майстра айчыннага кінематографу рэжысэр Віктар Дашук паважае і шануе ўсе канфэсіі:

“Я ўвогуле паганец, так што сьвяткую і тыя, і другія, і трэція”.

Карэспандэнтка: “А ўсялякія традыцыі, абрады ведаеце?”

“Я ўсё ведаю, таму што гэта было маё дзяцінства. Гэта тое, што ў мяне зьвязанае з паняцьцем “Радзіма”. Мне Каляды запомніліся з гадоў трох – чатырох як нейкі промень сьвятла, як сьвята, як радасьць. Мы хадзілі па хатах вялікай кампаніяй, нас адорвалі хто чым мог. І адчуваньне гэтага сьвята засталося на ўсё жыцьцё”.

Дачка знакамітага Пятра Машэрава Натальля Машэрава расла і сталела, калі ў савецкай Беларусі рэлігійныя сьвяты былі не ў пашане. І шчыра прызналася:

“Я ня ведаю, добра гэта ці дрэнна, але так склаўся лёс, што Каляды мы не адзначалі, не было гэта сьвятам. Мы адзначалі Новы год у асноўным. Але ведаю, што ёсьць калядныя маразы. Ведаю ўсё зь літаратуры – сама ж філёляг, зьбірала калядныя песьні, езьдзіла ў экспэдыцыі па Палесьсі... Я ўсё ведаю”.

Карэспандэнтка: “А ведаеце, што такое куцьця?”

“Гэта, па-мойму, каша. Так?”

Карэспандэнтка: “А вы хрышчоная, дзеці вашы хрышчоныя?”

“Так. Дзяцей я хрысьціла, і самі ўжо дарослыя хрысьцілася з мужам”.

Карэспандэнтка: “А вы венчаныя?”

“Не. З мужам мы ня венчаныя. Сын у нас венчаны, а мы не”.

Акадэмік Радзім Гарэцкі прызнаецца, што таксама рос, калі ў краіне ў асноўным панаваў атэізм, таму ня вельмі дасьведчаны ў некаторых пытаньнях. Але Каляды сьвяткуе:

“На жаль, ня так, як хацелася б, сьвяткую. У хаце, за сталом”.

Карэспандэнтка: “А вы хрышчоны?”

“Так, я праваслаўны”.

Карэспандэнтка: “А венчаныя з жонкай?”

“Не”.

Карэспандэнтка: “А хоць раз на споведзі былі?”

“Не, ня быў”.

Карэспандэнтка: “Бязгрэшны?”

(сьмех) “Бязгрэшны, так. Ну, можа, і трэба было б, але не”.

Карэспандэнтка: “І пытаньне на засыпку: дзе нарадзіўся Хрыстос?”

“У Віфлееме ці не? У канюшні, ці як гэта завецца...”

А вось заслужаны артыст Беларусі, купалавец Віктар Манаеў – сапраўдны хрысьціянін:

“Я праваслаўны, веруючы, хаджу ў царкву. Канечне, я сьвяткую нараджэньне Хрыстова як адно з самых галоўных сьвят”.

Карэспандэнтка: “А ведаеце, што такое куцьця, сьпяваеце калядкі?”

“Куцьця – гэта напярэдадні Нараджэньня Хрыстова, варыцца з пшаніцы ці з круп з дадаткам мёду, разынак, курагі, маку як сымбаль салодкасьці сьвята. Ну а калядкі сьпяваем”.

Карэспандэнтка: “А можаце прасьпяваць якую-небудзь?”

“Не, сам я не сьпяваю. Прыйдуць родныя мае і будуць сьпяваць. А я буду падпяваць”.