Што адбудзецца ў вашым жыцьці, у Беларусі, у сьвеце ў 2008 годзе?
На навагодняе пытаньне Радыё Свабода адказвае прадпрымальнік, былы палітвязень Валер Леванеўскі.
“У маёй сям’і набліжаецца прыбаўленьне — чакаем унукаў. Мяркую, у бізнэсе таксама будзе нейкае паляпшэньне, бо паступова справы наладжваюцца. Што да сытуацыі ў краіне, мяркую, становішча будзе пагаршацца.
Апошнія падзеі паказваюць, што рэжым усё больш аганізуе. Вось была адмена льготаў, з прадпрымальнікамі абышліся дрэнна. Але я застаюся аптымістам і мяркую, што ў гэтым годзе адбудуцца палітычныя зьмены, пасьля якіх беларусы ўздыхнуць спакойна і пачнуць будаваць сапраўды незалежную і заможную краіну.
Маю надзею, што, магчыма, у год пацука знойдзецца той Ганс з казкі, які пад дудку выведзе з гораду ўсіх пацукоў.
Што да падзей у сьвеце — яны разьвіваюцца паводле сваіх правілаў. Эканамічная моц краінаў будзе павялічвацца, і Беларусь усё роўна будзе інтэгравацца ў сусьветную эканоміку”.