Аматары творчасьці Вольгі Іпатавай могуць пазнаёміцца з гукавой вэрсіяй аповесьці “Прадслава”. Аўдыёкніга запісаная на мультымэдыйным дыску. Гэта дзявятая лікам аўдыёкніга, выдадзеная творчым калектывам "Белтонмэдыя".
Аповесьць Вольгі Іпатавай “Прадслава” расказвае пра лёс асьветніцы Эўфрасіньні Полацкай. Сама аўтарка нават ня ведала пра выхад аўдыёвэрсіі свайго твору. Але яна не зьбіраецца зьвяртацца ў судовыя інстанцыі па абарону аўтарскіх правоў:
“У нас былі перамовы з Мазынскім, праўда, пра іншы твор – “Давыда Гарадзенскага”, але ў прынцыпе, як бы там ні было, я расцэньваю гэта як такі сюрпрыз прыемны і трошкі нечаканы. Ведаеце, у нас аўтарскія правы – гэта пакуль што terra incognita для шмат каго. Тут хоць нейкія перамовы ішлі. Таму я ацэньваю гэта станоўча. Лічу, што хай, вядома, будуць беларускія аўдыёкасэты, гэта добра. Тым больш, што “Прадслава” пакуль што ня выкрасьленая са школьнай праграмы, у адрозьненьне ад іншых твораў, то хай гэта разыходзіцца”.
У творчы калектыў “Белтонмэдыя”, які выпусьціў аўдыёкнігу, уваходзяць прадстаўнікі розных сфэраў – актывісты Партыі БНФ, прадстаўнікі суполкі “Беларускі Гольфстрым”, грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў “Адраджэньне”. Рэжысэр праекту – Валеры Мазынскі. Адміністрацыйнай справай займаюцца Франак Вячорка і Алесь Калоша. У пэрспэктыве творчы калектыў мае намер выдаваць беларускія паштоўкі і ствараць дакумэнтальныя фільмы.
Аўдыёкніга “Прадслава” Вольгі Іпатавай дзявятая ў актыве “Белтонмэдыя”. Раней на дысках выйшлі беларускія народныя казкі, аповесьці Оруэла і Ўладзімера Арлова.
“Аўдыёкніга – гэта сучасны від літаратуры, які дазваляе сучаснаму чалавеку, мабільнаму чалавеку слухаць літаратуру бяз творчых стратаў у цягніку, у транспарце, у басэйне... Мы спрабуем рабіць беларускую літаратуру або замежную, але па-беларуску, сучаснай, мадэрновай і даступнай шырокаму слухачу”, – сказаў у інтэрвію "Свабодзе" Франак Вячорка.
Неўзабаве выйдзе новая аўдыёкніга па-беларуску – “Дзікія лебедзі” (у ёй сабраныя швэдзкія казкі).