“Нашая ўлада, як вядома, баязьлівая...”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўвялі прыз – падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на “Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі “Бібліятэкі “Свабоды” з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Цімох Цыбулька: “За амаль 14 гадоў беларускі народ пацярпеў вялікія зьдзекі. Гэтыя “вашывыя блохі” і дыфірамбы Гітлеру, масавыя зьбіваньні людзей на вуліцах, пасадкі мужных людзей за краты, звальненьні іх з працы, а цяпер дажыліся і да адмены льготаў. А прадпрымальнікі ў нас мардуюцца штогод, як хлопцы на танцах з суседняй вёскі”.

Спадарыня: “Лукашэнку вельмі добра працаваць: цэны растуць, заробкі на заводах затрымліваюць, а чыноўнікі разрываюцца-крычаць па радыё і тэлевізары, што ў нас так добра жыць, нібыта ў раі. Дык чыноўнік атрымлівае 2—3 тысячы даляраў, то й добра. Але нам нялёгка жывецца”.

Спадарыня: “Чаму так спакойна на гэта глядзіць наш прэзыдэнт, які віншуе нас, шматдзетных, з Новым годам?! І я думаю, што ніводную шматдзетную сям’ю ня будзе цешыць гэты Новы год, а толькі сем’і чыноўнікаў, якія бяруць дзяцей на догляд. Вось заканчваецца Год дзіцяці. Але чаму нічога ня зроблена для дзяцей? Хоць бы крышачку панізілі цэны на цукеркі. Наадварот, цэны павялічыліся. Як жа сустракаць Новы год?!”

Слухач “Свабоды” задае пытаньне:

“Дзе знайсьці ў інтэрнэце беларускае тэлебачаньне “Белсат”? І яшчэ. Ці падымаецца пытаньне аб тым, каб за нашыя падаткі трансьляваць праз кабэльнае тэлебачаньне канал “Белсат”? Дзякуй”.

На пытаньне адказвае дырэктар службы навінаў тэлеканалу “Белсат” Аляксей Дзікавіцкі:

“Вядома, пытаньне трансьляцыі праз інтэрнэт разглядаецца, бо мы жывём у XXI стагодзьдзі, і гэта адна з найбольш сучасных і даступных формаў. На жаль, наш сайт пакуль яшчэ ў такім зародкавым стане, ён разьвіваецца, і я мяркую, што рэальна бліжэй да вясны можна будзе казаць пра трансьляцыю ў інтэрнэце. Але ў найбліжэйшы час мы будзем разьмяшчаць на сайце навіны, а таксама найбольш цікавыя фрагмэнты перадачаў, відэакліпы.

Калі гэта дакладна будзе, мне цяжка сказаць, але над гэтым увесь час працуюць людзі, таму гэта будзе. Што да кабэльных сетак, дык тут пытаньне такое: калі б нейкі апэратар кабэльных сетак зьвярнуўся да тэлебачаньня, напэўна, мы б ахвотна далі такую магчымасьць. Але ня ведаю, ці мажліва гэта ў цяперашняй сытуацыі ў Беларусі”.

Хацяноўская, пэнсіянэрка, Горадня: “Добры дзень. Я атрымала ад вас віншаваньне і кніжку Ўладзімера Арлова. Я вельмі вам удзячная за ўсё. Зычу вам здароўя ў новым годзе, посьпехаў і ўсяго самага найлепшага”.

Спадар: “Наконт тых дзесяці адсоткаў людзей, што за мяжой беднасьці... Я мяркую, што калі гэты мільён зьбярэцца ў Менску на мітынг, то яны вырашаць усе свае праблемы і пытаньні празь некалькі гадзінаў, бо нашая ўлада, як вядома, баязьлівая”.