Гібель былога прэм’ер-міністра Пакістану Бэназір Бгута стала сёньня асноўнай тэмай міжнародных СМІ.
Адны задаюцца пытаньнем, якія наступствы будзе мець ейная сьмерць для сытуацыі ў Пакістане і ў рэгіёне, для барацьбы з тэрарызмам, а іншыя проста пішуць і гавораць пра яе як пра фігуру неардынарную, незвычайную і трагічную.
Пра Бэназір Бгута кажуць, што сам кантакт зь ёю – гэта ўсё роўна што дотык сьмерці. Выпускніца Гарварду і Оксфарду, з маленства рыхтаваная для палітычнай кар’еры, яна перажыла сьмерць бацькі, прэзыдэнта Зульфікара Алі-Бхута і двух братоў. Двойчы была прэм’ерам Пакістану, першай жанчынай на чале ўраду ў ісламскім сьвеце. Бгута двойчы ўцякала з краіны і двойчы вярталася з выгнаньня. Нездарма атрымала імя Бэназір, што азначае 'выключная, незвычайная'. На пытаньне, хто зьяўляецца для яе ўзорам, адказала, што Фатыма, дачка прарока Мухамэда, які ня меў сыноў: спадчыну пасьля яго павінна была пераняць дачка.
Некаторыя кажуць, што Бгута была апантаная ўладай, лічыла, што ўлада законна ёй належыць, што яна абавязаная вярнуцца да ўлады, нават калі б гэта быў пакутніцкі шлях. Гэтае перакананьне аб сваёй місіі давала ёй сілу пасьлядоўна выступаць супраць хунты, якая забіла ейных блізкіх, а таксама супраць уласнай сям’і, якая яе не разумела. Пасьля другога вяртаньня на радзіму Бгута выступіла з палымянай прамовай:
“Я заклікаю народныя масы, сярэднюю клясу, грамадзянскую супольнасьць, юрыстаў, адвакатаў, інтэлектуалаў, студэнтаў, сялянаў, дробных гандляроў і бізнэсоўцаў. Гэта вашая зямля, і вы павінны зьберагчы яе. Я ініцыявала гэты марш, каб захаваць Пакістан, і ўсе павінны далучыцца да яго”.
Вяртаючыся на радзіму, Бгута ўлічвала рызыку, ведала, што яе паспрабуюць забіць. 18 кастрычніка падчас шматлюднага мітынгу ў Карачы ў выніку выбухаў загінулі 130 чалавек, але сама Бгута не пацярпела і далей выступала, прамаўляла і кантактавала зь людзьмі. “Маё жыцьцё – гэта алегорыя бурнага лёсу маёй краіны, яе трагедыяў і перамог. Але ж гэта ня я абрала сабе такое жыцьцё, але жыцьцё абрала мяне”.
Аднак ейнае другое вяртаньне было вынікам не тугі па бацькаўшчыне, але кампрамісу і палітычнага гандлю, за што шмат хто яе дакараў. Наўзамен за зьняцьце абвінавачаньняў у карупцыі і дазвол удзельнічаць у выбарах у якасьці лідэркі Народнай партыі Бгута мела стаць прэм’ерам, узмацніць барацьбу з экстрэмізмам, а Пэрвэз Мушараф меў застацца прэзыдэнтам.
“Бэназір павінна зрабіць выбар: калі стане на баку генэрала, можа разьлічваць на тое, што той яе гэтым разам не падмане, але ў такім разе яна ўсё роўна страціць свой імідж змагаркі з дыктатурай. Калі, аднак, выступіць супраць генэрала, захавае аўтарытэт, але зноў можа трапіць за краты альбо ў выгнаньне", – пісаў аглядальнік.
“Бэназір павінна зрабіць выбар: калі стане на баку генэрала, можа разьлічваць на тое, што той яе гэтым разам не падмане, але ў такім разе яна ўсё роўна страціць свой імідж змагаркі з дыктатурай. Калі, аднак, выступіць супраць генэрала, захавае аўтарытэт, але зноў можа трапіць за краты альбо ў выгнаньне", – пісаў аглядальнік.
За два тыдні да выбараў Бэназір Бгута тры дні маўчала, а пасьля гэтага прыняла рашэньне: “Заклікаю мой народ паўстаць супраць тыраніі. Пераможам”. У той самы дзень, 27 сьнежня, падчас мітынгу ў Равалпіндзі прагучалі стрэлы і выбухі. Параненая ў шыю і грудзі, Бгута памерла па дарозе ў шпіталь. Яна пражыла 54 гады і 6 месяцаў.