Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў у інтэрвію, якое ён даў 27 сьнежня інфармацыйнаму агенцтву “Reuters”, назваў непрымальнай канцэпцыю вылучэньня папярэдніх умоваў для вядзеньня перамоваў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю
"Дыялёг паміж партнэрамі ня можа грунтавацца на папярэдніх умовах, інакш гэты дыялёг не атрымаецца наагул альбо ня будзе выніковым – гэта першае. Другое, сфэры, у якіх мы прапаноўваем, хачу падкрэсьліць слова “прапаноўваем” узаемадзеяньні з Эўрапейскім Зьвязам – гэта сфэры ўзаемнага інтарэсу. У гэтых дачыненьнях мы не выпрошваем для сябе, для Беларусі, нічога ў Эўрапейскага Зьвязу. Мы прапануем узаемадзеяньне ў тых сфэрах, якія адпавядаюць узаемным інтарэсам і дзе ёсьць абсалютна відавочная ўзаемная выгада...”, -- падкрэсьліў міністар Мартынаў.
Палітоляг Алесь Лагвінец адзначае, што гэтая пазыцыя беларускіх уладаў вядомая даўно:
“З майго пункту гледжаньня, яна паказвае неразуменьне альбо нежаданьне разумець, чым з’яўляецца Эўрапейскі Зьвяз, і што Эўразьвяз, прапануючы супрацоўніцтва ці пачынаючы дыялёг, зыходзіць з пэўных прынцыпаў.
Ня ведаць гэтыя прынцыпы беларускія дыпляматы ня могуць. Значыць, сьвядома закрываюцца вочы на тое, каб весьці дыялёг і супрацоўніцтва.
Нармалёвае супрацоўніцтва мае на ўвазе давер бакоў адзін да аднаго. Але даверу да беларускага ўраду ня можа быць, таму што ён не прытрымліваецца агульнапрызнаных у Эўропе прынцыпаў”.