Беларус, калі паўстае выбар паміж “пакінуць усё як ёсьць” альбо “паспрабаваць нешта зьмяніць”, -- амаль заўсёды выбірае першае.
Калі я слухаю стандартныя тосты, у мяне рыпяць зубы. Колькі разоў вы чулі на вясельлях “чорны” тост пра “чорную ікру, чорную “Волгу” і Чорнае мора?” Слухаю і думаю, чаму ніхто не здагадаўся хаця б перайначыць гэта на сучасны лад у “чырвоную ікру, чырвонае “Бугаці” і Чырвонае мора”?
Не жадайце мне сібірскага здароўя
Невыносная банальнасьць жадаць “сібірскага здароўя” і “каўкаскага даўгалецьця”. Па-першае, чаму такая савецкая геаграфічная абмежаванасьць? Чаму, напрыклад, не “ісьляндзкага здароўя і японскага даўгалецьця...”
Па-другое... ну былі ў вайсковай частцы, дзе я служыў, сібіракі. У вільготным эстонскім клімаце ўсе яны хварэлі часьцей за іншых – ня толькі на прастуды ды ангіны, у іх “гнілі” ногі, хаця тэмпэратура рэдка была халаднейшай за мінус 5-10. “Сакрэт” сібірскага здароўя – у сухім кантынэнтальным клімаце, дзе мінус 30 пераносяцца лепш чым мінус 5 у Беларусі.
Разьбярэмся з каўкаскім даўгалецьцем. Існуе яно, наколькі вядома, толькі ў высакагорных, далёкіх ад цывілізацыі, раёнах. Маладыя там паважаюць старых, а старыя з пакаленьня ў пакаленьне перадаюць ім адну і тую ж мудрасьць. Стагодзьдзямі жыцьцё працякае ў адным рытме – ніякіх радыкальных стрэсаў, мінімум інфармацыі аб зьнешнім сьвеце – ні на канцэрт схадзіць, ні сайт “Свабоды” паглядзець☺ Вам гэта трэба?
...Колькі банальных тостаў мы яшчэ пачуем за гэтыя сьвяточныя дні... Але я не імкнуся адкрываць Амэрыку, прэтэндуючы на арыгінальнасьць – проста цягне пагаварыць пра сьціпласьць і прыземленасьць мараў і патрабаваньняў ад жыцьця ў многіх беларусаў.
“Нам хлеба ня трэба, нам бульбу давай”
Калі чытаю ў адной газэце інтэрвію з дворнічыхай і карэспандэнт задае ёй пытаньне – “ці хапае вам заробку 400 тысяч?” а яна адказвае – “хапала б, каб ня трэба было дарослым дзецям дапамагаць” – я разумею, што з такімі людзьмі ўладам ніякія цэны на расейскі газ ня страшныя. Калі на апытаньнях “Свабоды” пэнсіянэры, камэнтуючы адмену льготаў, кажуць, што “мы пацерпім, трэба ж дзяржаве нешта аддаць” – я разумею, што ў такіх пэнсіянэраў ня толькі льготы, пэнсію сьмела можна адбіраць.
Вы дзе-небудзь чулі пра галодныя бунты гэтых людзей? Можа, гэты мільён выйшаў на “Сацыяльны марш”?
Як адзначыў у сваім апошнім артыкуле эканаміст Леанід Заіка, 10 працэнтаў беларускага найбяднейшага насельніцтва, паводле афіцыйных дадзеных, трацяць за месяц на сям'ю 183 тысячы рублёў на харчаваньне. 6 тысячаў рублёў у дзень. На сям'ю. Два кубачкі кавы ў Макдональдсе – за дзень, на сям'ю. Вы дзе-небудзь чулі паведамленьні пра галодныя бунты гэтых людзей? Можа, гэты мільён выйшаў на “Сацыяльны марш”?
Абы не было горш
Гісторыкі сьцьвярджаюць, што рэвалюцыі адбываюцца не тады, калі жыцьцё пагаршаецца, а тады, калі кардынальна растуць патрабаваньні масаў. Пакуль дастаткова каму бульбы, каму “чаркі і шкваркі”, дасюль існуючая ўлада будзе задавальняць большасьць. А ў нашых багатых, дарэчы, усё тая ж “чарка і шкварка”, толькі на больш высокім матэрыяльным узроўні. Яны ядуць у рэстаране піццу за 50 тысячаў, што ўтрая даражэй за піццу ў Празе, езьдзяць на добрых машынах, робяць эўрарамонт, але разумеюць, што ў любы момант улада можа пазбавіць усяго гэтага.
Запоўненыя рэстараны, жаданьне траціць усё больш, браць усё новыя крэдыты – усё гэта ад адчуваньня, што гэта нетрывалае і можа скончыцца ў любы момант
Усе нашы багатыя – багатыя ў першым пакаленьні, у іх няма і ня можа быць адчуваньня, што “так было заўсёды” – у іх няма і ня можа быць спакойнага стаўленьня да грошай, разуменьня, што гэта ў жыцьці ня самае галоўнае. Беларусы ўжо навучыліся марыць пра новы аўтамабіль, але ў сваёй большасьці яшчэ ня здольныя ўзьняцца над “страўнікавай” псыхалёгіяй, адчуць прыярытэты сапраўды вечных каштоўнасьцяў – свабоды, культуры, незалежнасьці асобы.
Матэрыяльную прыземленасьць жаданьняў лёгка можна патлумачыць адной вечнай “мудрай” фразай – “так склалася гістарычна”. І сапраўды – спачатку ўсіх тых, хто ведаў, што такое foie gras, вынішчыла рэвалюцыя 1917 году. Потым страшная вайна, калі ў цэлага пакаленьня была адна мара – наесьціся хлеба. Потым дэфіцыт 80-х, калі мы ня ведалі, які прадукт можа зьнікнуць з крамаў наступным. І, нарэшце, пачатак 90-х, калі зьнікла проста ўсё – потым вярнулася, але не было грошай усё гэта купіць. Напэўна, гэты кароткі гістарычны экскурс дастаткова тлумачыць жывучасьць легендарнага дэвізу: “абы не было горш”.
Таму беларус, калі паўстае выбар паміж “пакінуць усё як ёсьць” альбо “паспрабаваць нешта зьмяніць” – амаль заўсёды выбірае першае. І яшчэ зьведвае інстынктыўны намер прыдушыць тых, хто выбірае другое. І гэтае яго жаданьне так падабаецца нашай сёньняшняй калектыўнай карпаратыўнай дзяржаве. (Дарэчы, прапаную тысячапершае тлумачэньне нашай талерантнасьці. Беларус талерантны да іншых – ім многае дазволена – але ня любіць, калі свае паводзяць сябе свабодна і непасрэдна, як “іншыя”).
Гісторыя Беларусі апошніх 15 гадоў – гэта нязьменны выбар сініцы ў руках замест жураўля ў небе. Жураўлі паляцелі на Захад...
Дык вось і мой тост: З Новым годам. Давайце зловім нашага жураўля –магчыма, ён адляцеў ня так далёка...