Сёньня ў сядзібе Партыі БНФ прайшла прэм’ера новага фільму польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага “Музычная партызанка”.
Рэжысэр вядомы ў Беларусі сваім фільмам “Урок беларускай мовы”, прысьвечаным падзеям вясны 2006 году ў Менску.
У тым фільме Дэмбіньскі паказаў беларускую моладзь, якая змагаецца за свабоду. У новым паказвае, як змагаюцца музыкі. Сярод герояў фільму Лявон Вольскі і Піт Паўлаў з гурту “Н.Р.М.”, Сьвятлана Сугака з гурту “Тарпач”.
Рэжысэр перакананы, што ў Беларусі рок-музыка – гэта зброя праўды і свабоды. “Таму ўлады супраць яе й змагаюцца”, – лічыць Дэмбіньскі.
Сёньня я спытаўся ў Яраслава Дэмбіньскага, ці сьведчыць ягоны новы фільм аб тым, што беларуская тэматыка не адпускае яго.
– Мушу паведаміць, што гэтыя два фільмы я рабіў адначасова, у тым сэнсе, што здымкі адбываліся ў адзін час. Але спачатку я змантажаваў “Урокі беларускай мовы”. Так выйшла.
– Фільм “Урокі беларускай мовы” атрымаў шырокі розгалас. А што значыць для вас ваш новы твор, што новага ён адкрывае для Польшчы і для сьвету пра Беларусь?
– Абодва фільмы пра тое самае – пра тое, як маладыя беларусы змагаюцца за права жыць у вольнай краіне, за права выказваць свае погляды. У фільме “Ўрокі беларускай” гэта рабілі ліцэісты, студэнты, якія пратэставалі супраць сфальшаваных выбараў 2006 году, і той фільм меў такое трагічнае вымярэньне: было паказана сапраўды грознае і страшнае аблічча рэжыму Лукашэнкі.
А ў другім фільме мова ідзе зноў пра тое самае, пра маладых беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю, але гэтым разам выкарыстоўваюць іншую зброю, вельмі грозную зброю, якою зьяўляецца музыка, гумар, іронія... Мяркую, што для кожнага рэжыму такая зброя вельмі грозная, бо музыку нельга арыштаваць.
Адзін герой майго фільму знаходзіўся ў турме на Акрэсьціна ў Менску і там, як і раней, сьпяваў. І ніхто ня можа ім гэта забараніць...
Так што гэтыя два фільмы паказваюць тое самае, але з розных пунктаў гледжаньня.
– Які будзе лёс новага фільму, ці чакаюць яго фэстывалі, тэлепаказы?
– Спадзяюся, што гэты фільм пойдзе сьледам “Урокаў беларускай” – фільму, які аб'ехаў цэлы сьвет, быў паказаны на 35 міжнародных фэстывалях, на 6 тэлеканалах і атрымаў некалькі дзясяткаў узнагарод. І я ўсё зраблю, каб “Музычная партызанка” пайшла тою самаю дарогаю.
Усясьветную прэм'еру фільм меў на фэстывалі ў Амстэрдаме – на такім вельмі важным фэстывалі дакумэнтальных фільмаў. Я ўжо маю запрашэньні на многія наступныя фэстывалі і хачу як мага шырэй паказаць гэты фільм за мяжою. Нечаканым для мяне было, што людзі на Захадзе разумеюць спэцыфічны беларускі гумар, які гучыць у фільме, што гэты фільм паглыбляе разуменьне Беларусі на Захадзе.
– Як вы ведаеце, сытуацыя ў гэтай галіне пасьля паходу шэрагу рок-музыкаў у прэзыдэнцкую Адміністрацыю нібыта зьмяняецца...
– Я ня ведаю падрабязнасьцяў, але звонку магу ацаніць гэта так: кожная ўлада хоча ўтрымаць пад кантролем грамадзтва – ці кіем, ці пернікам. І тут бачым такі пернік, які падсоўваюць апазыцыйным музыкам, лідэрам. Мяркую, што музыкі будуць мець дастаткова інстынкту самазахаваньня і інтуіцыі, каб справядліва ацаніць гэтыя прапановы ўлады. Але ў выпадку, калі ўлада хоча нешта дэмакратызаваць, гэтым трэба скарыстацца”.
Фільм “Музычная партызанка” зьняты супольнымі намаганьнямі Польскага інстытуту кінамастацтваў і спадарожнікавага каналу “Белсат”.