10% насельніцтва Беларусі, а гэта каля аднаго мільёна чалавек, жывуць па-за межамі бюджэту пражытковага мінімуму.
Такую лічбу сёньня агучыла Валянціна Сяргеева – кіраўніца ўпраўленьня Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Разам зь іншымі чыноўнікамі з розных міністэрстваў і ведамстваў яна ўдзельнічала ў прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай сацыяльнай дапамозе насельніцтву пасьля скасаваньня льготаў.
Мае калегі, задаючы пытаньні, казалі пра тое, што іхнія рэдакцыі захлынаюцца пад шквалам тэлефанаваньняў. Людзі пытаюцца, як цяпер падвозіць дзяцей за поўны кошт з вёсак у райцэнтар, дзе яны вучацца? І які сэнс у тым, што інвалідам першай і другой групаў захавалі бясплатны праезд у гарадзкім транспарце, калі бязногія ім не карыстаюцца? І як пражыць тым, чый прыбытак хоць на рубель перавышае бюджэт пражытковага мінімуму і хто з гэтай прычыны ня можа спадзявацца на дапамогу ад дзяржавы?
У Беларусі 10% насельніцтва, якія маюць прыбытак ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму. А гэта дзесьці каля аднаго мільёна чалавек
Валянціна Сяргеева – супрацоўніца Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — тлумачыць:
“У Рэспубліцы Беларусь 10% насельніцтва, якія маюць прыбытак ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму. А гэта дзесьці каля аднаго мільёна чалавек. Што да пэнсіянэраў, дык, на шчасьце, іхнія пэнсіі вышэйшыя за БПМ. Але ёсьць і такія пэнсіянэры, якія, прапрацаваўшы ўсё жыцьцё, зарабілі малую пэнсію. Прыкладам, у калгасе. І вось у гэтым выпадку яны могуць зьвярнуцца па штомесячную сацыяльную дапамогу.
А калі іхняя пэнсія крыху перавышае БПМ (на сёньня гэта 185 740 рублёў), дык тады камісія, вывучыўшы гэты выпадак, можа выдаць гэтай сям’і альбо гэтаму чалавеку аднаразовую сацыяльную дапамогу”.
Пасьля такога адказу ў залі павісла цішыня, якую парушыла журналісцкае пытаньне: “Дык мы — бедная краіна?”
Кожнаму чалавеку, які думае, менавіта думае, што ён мае права на кампэнсацыю, трэба будзе гэта давесьці – сабраць гару даведак, мноства паперак.
На гэта спадарыня Сяргеева адказала:
“Ну, цяжка сказаць, бедная наша краіна ці ня бедная”.
Дамагліся сёньня журналісты адказу і на пытаньне, як будуць прызначаць грошы на праязныя квіткі студэнтам. Намесьніца кіраўніка ўпраўленьня Міністэрства адукацыі Святлана Дармешкіна паведаміла, што на гэтыя мэты вылучаецца 1,5% ад стыпэндыйнага фонду. А колькі студэнтаў з гэтага права скарыстаюць, пакуль невядома.
Адзін з арганізатараў “Сацыяльнага маршу” Валер Ухналёў кажа, што шмат каму яшчэ трэба будзе сустрэцца з рэальнасьцю:
“Кожнаму чалавеку, які думае, я падкрэсьліваю, менавіта думае, што ён мае права на кампэнсацыю, трэба будзе гэта давесьці – сабраць гару даведак, мноства паперак. І давесьці чыноўніку, да таго ж яшчэ невядома якому (бо так прапісана). Прыйдзецца тыкацца ў вокны і дзьверы і шукаць, хто ж гэта прымае рашэньні. І калі нават і знойдзе такога, дык гэта вельмі і вельмі нялёгкая справа давесьці, што ты маеш правы на нейкія льготы”.