“Віня-Пых” – так гучыць імя героя знакамітай казкі Алана Аляксандра Мілна “Winnie the Pooh” у перакладзе Віталя Воранава, беларускага перакладчыка, які жыве ў Познані.
Сёлета пераклад выйшаў у познанскім выдавецтве “Белы крумкач”, а сёньня ў Празе адбылася прэзэнтацыя кнігі. Напярэдадні прэзэнтацыі Віталь Воранаў распавёў, як ён рабіў ангельскае казачнае мядзьведзеня беларусам, а таксама пра тое, як кніга прыйдзе да беларускага чытача.
Воранаў: "Кніжка пакуль што выйшла невялічкім накладам у 300 асобнікаў. Але яна будзе друкавацца ў меру патрэбы, так што ўсім хопіць – абы куплялі і чыталі.
Што тычыцца распаўсюду кніжкі ў Беларусі, то гэта пытаньне часу. Пакуль тыя, хто хоча набыць кніжку, могуць зьвязвацца са мной і неўзабаве гэтую кніжку атрымаюць. У бліжэйшыя месяцы яна трапіць у Менск у большым накладзе і трапіць у тыя месцы, дзе звычайна прадаюць беларускія кніжкі.
Таксама плянуецца неўзабаве выданьне кнігі на афіцыйным правапісе. Гэта будзе перагледжаны пераклад з улікам тых заўвагаў, якія ўжо прагучалі на адрас перакладу, і тых, якія я яшчэ пачую на прэзэнтацыях.
Гэты асноўны наклад, выдадзены афіцыйным правапісам, трапіць у афіцыйныя кнігарні ў Менску і, я спадзяюся, у правінцыі".
Дракахруст: "Віталь, зь якімі цяжкасьцямі перакладу Вы спатыкаліся? Як у Вас атрымалася перакласьці ня толькі тэкст, але і знайсьці беларускія адпаведнікі ангельскага кантэксту? Наколькі на Ваш пераклад уплываў вядомы беларусам расейскі пераклад казкі, наколькі, так бы мовіць, Вам дапамагаў ці перашкаджаў "Винни-Пух"?
Воранаў: "Кніжка вельмі складаная. Давялося для перакладу выкарыстаць усё багацьце нашай дыялектнай, жывой мовы. Я заўсёды імкнуся, каб пераклад гучаў натуральна, каб мова перакладу была не падручнікавая, не акадэмічная, а мова гутарковая, мова, на якой размаўлялі нашы дзяды.
Ёсьць ужо, зразумела, і водгукі незадавальненьня, хаця б па назьве кніжкі – "Віня-Пых". Многія людзі не ўспрымаюць "Віню-Пыха", бо вырасьлі на расейскім “Віні-Пуху”. Але гэты закід зусім беспадстаўны: я перакладаў не з расейскага перакладу, а з арыгіналу, з Winnie the Pooh.
Я для сябе прынцыпова вырашыў, што ня буду заглядаць у расейскі пераклад. Клясычны пераклад Барыса Заходэра я прачытаў толькі пасьля таго, як мой пераклад быў падрыхтаваны да друку. Раней я яго не чытаў і ведаю Віні-Пуха толькі па савецкіх мульціках.
Я мяркую, што мне ўдалося знайсьці, хаця пра гэта судзіць чытачам, пэўны кампраміс паміж радыкальным перакладам, які б браў пад увагу выключна ангельскі тэкст, ангельскія рэаліі, і тым, што беларусы ўжо ведаюць, на чым узгадаваліся – на Віні-Пуху”.