У горадзе засталося толькі тры майстэрні, дзе можна адрамантаваць мабільныя тэлефоны.
Некалькі дзясяткаў дробных майстэрняў спынілі сваю працу праз адсутнасьць сэртыфікатаў на адпаведныя паслугі. У майстэрнях наракаюць на высокія кошты сэртыфікаваньня. У магілёўскім цэнтры стандартызацыі і мэтралёгіі кажуць, што па такі сэртыфікат зьвярнулася толькі адна майстэрня.
Абавязковая сэртыфікацыя рамонту мабільных тэлефонаў пачала дзейнічаць ад 1 сьнежня. Як тлумачыцца, сэртыфікаваньне ўвялі з прычыны шматлікіх скаргаў спажыўцоў на якасьць рамонту. Тую ж прычыну назвалі карэспандэнту “Свабоды” і ў магілёўскай інспэкцыі электрасувязі:
“Проста майстэрняў разьвялося шмат, і ня ўсе аказваюць якасныя паслугі. Тэлефоны часта ламаюцца пасьля рамонту”.
Колькі трэба ўкласьці сродкаў, каб атрымаць сэртыфікат? У Магілёўскім цэнтры стандартызацыі і мэтралёгіі дакладнага адказу не даюць.
“У кожнага свае тэхнічныя магчымасьці, ад гэтага залежыць, што ён будзе дэманстраваць і што мы будзем правяраць. Гэтая паслуга платная, яна залежыць ад таго, на які ўзровень складанасьці і на якую колькасьць мадэляў і гандлёвых марак будзе заяўляецца рамонтная арганізацыя. Ад гэтага залежыць цана рамонту”, — паведаміў Свабодзе супрацоўнік цэнтру.
Ахвотных атрымаць сэртыфікат пакуль небагата:
“У нас на сёньня, па-мойму, толькі адна заяўка. Да нас ніхто не зьвяртаецца, каб прайсьці сэртыфікацыю. Афіцыйнае паведамленьне пра ўвядзеньне абавязковай сэртыфікацыі было зьмешчана ва ўсіх інфармацыйных крыніцах”, — зазначыла супрацоўніца Магілёўскага цэнтру стандартызацыі і мэтралёгіі.
Тым часам некаторыя дробныя майстэрні пачалі пераходзіць у “ценевы бізнэс”. Там, дзе колісь рамантавалі мабільнікі, для патэнцыйных кліентаў пакінуты кантактныя тэлефоны. На пытаньне, чаму ня робяць сэртыфікату, рамонтнікі кажуць — “няма такіх грошай”.