Што азначаў і што новага прынёс 2007 г. для вырашэньня найважнейшай беларускай праблемы – стану нацыянальнай мовы? Што зьмянілася ў яе публічным ужытку?
Што тычыцца ўладных структур – амаль нічога. Нават з высокіх міжнародных трыбун – Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, сэсіяў АБСЭ, Рады Эўропы – афіцыйныя беларускія прадстаўнікі – намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч, міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў, старшыня ФПБ Леанід Козік, экс-сьпікер парлямэнту Ўладзімер Канаплёў, – выступалі на расейскай мове.
Па-беларуску ў парлямэнце выступае толькі адзін дэпутат з 210 – старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы Ўладзімер Здановіч.
З.Саўка: “Улады вырашылі забараніць тарашкевіцу”
У беларускі парлямэнт сёлета паступіў толькі адзін законапраект на беларускай мове – “Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі”, які быў прыняты ў першым чытаньні. Меркаваньне лінгвіста Зьмітра Саўкі:
“На жаль, так сталася, што ўлады вырашылі забараніць тарашкевіцу і “прыкрыць” гэты антыдэмакратычны крок законам пра ўвядзеньне новых правілаў. Я мяркую, што гэта вельмі шкодны крок для мовы. Хай бы яны шчыра зрабілі гэты крок – прызналі тарашкевіцу антыдзяржаўнай зьяваю, на гэтым усё скончылася, а не нявечылі хаця б наркамаўскага правапісу”.
Таварыства беларускай мовы дамаглося, што ўсё абвесткі ў грамадзкім транспарце гучаць цяпер па-беларуску. Нават віншаваньні пасажыраў з Калядамі і Новым годам. Транспартнікі стараюцца, праўда, здараюцца і памылкі. Днямі прачытала шыльдачку ў 37-м тралейбусе: “Не адваблівайце ўвагу вадзіцеля падчас руху тралейбуса”.
Актыўна пачала змагацца за моўныя правы моладзь. Сёлета тэст па беларускай мове здавалі 87 тысяч абітурыентаў – амаль 40% ад усіх (Гэта на чвэрць больш, чым летась). Распавядае старшыня таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:
“У Менску ўпершыню колькасьць заяваў у клясы беларускамоўныя была болей, чым месцаў – ня ўсім хапіла. Упершыню зрабілі беларускамоўныя садкі ў Горадні і Магілёве. Стварыўся першы беларускамоўны кляс у Бярозе.
Мы адстаялі вывучэньне беларускай мовы ва ўсіх ВНУ, бо зноў жа хацелі выкінуць, а мы не далі. Тым больш што зараз улады зноў спрабуюць яе выкінуць, і мы правялі Раду, зараз будзем зноў зьбіраць подпісы грамадзян, каб усё ж такі мову ў ВНУ пакінуць як прадмет”.
“Ёсьць пэўныя страты, але ёсьць і надзеі”
Кажа старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка:
“Для адукацыі год – своеасаблівы. Ёсьць пэўныя страты, але ёсьць і надзеі. Па колькасьці клясаў і школ становіцца ўсё менш і менш. Менш у вёсках, але ў Менску – адраджаецца жыцьцё нацыянальнае”.
Сёлета шэраг грамадзкіх арганізацыяў заснаваў прэмію імя Вацлава Ластоўскага для беларускамоўных выкладчыкаў ВНУ, прычым уганараваныя былі не выкладчыкі гуманітарных дысцыплін, а матэматык, мэдык, географ. Пры канцы году будуць абвешчаныя пераможцы конкурсу “Беларускі настаўнік-2007”.
Але ёсьць і страты ў гэтым накірунку. Зьмяніліся школьныя праграмы па беларускай літаратуры: значна скарочанае вывучэньне творчасьці Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, іншых клясыкаў. Гаворыць старшыня ТБМ Алег Трусаў:
“Страцілі мы беларускамоўныя дзяржаўныя календары – пакуль што ў крамах няма ніводнага, ні перакіднога, ні насьценнага, ні адрыўнога. Пакуль прыватныя асобы выдаюць – “Бацькаўшчына”, да прыкладу. А дзяржава перастала выдаваць беларускамоўныя календары – упершыню гадоў за 20.
Зноў па-расейску хлопчык сьпяваў, што перамог на Эўрабачаньні – мову нашу пракінулі. З другога боку, з падпольля сталі выпускаць беларускамоўныя гурты – усе гэтыя “Крамбамбулі”, ім кіслароду далі крыху болей”.
“З усім, апроч мовы, у нас добра”
У Беларусі зьяўляюцца асобы, якія здольныя зрушыць стэрэатыпы. Калі гамельчанін Сяргей Сямёнаў вяртаўся з Украіны, ён адмовіўся запаўняць расейскамоўны блянк дэклярацыі і папрасіў, каб яму далі фармуляр на беларускай мове, за што ўрэшце быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці. Мытнікі спачатку клясыфікавалі гэта як “непадпарадкаваньне патрабаваньням службовай асобы”. У выніку суд спагнаў зь Сямёнава 30 базавых велічынь штрафу – амаль 450 даляраў. Сяргей Сямёнаў дамогся таго, што выпусьцілі дэклярацыі на беларускай мове. Старшыня Канстытуцыйнага Суду Рыгор Васілевіч публічна заявіў: “У беларускай Канстытуцыі замацаваная недапушчальнасьць дыскрымінацыі грамадзянаў паводле рэлігійнага, палавога, расавага і моўнага прынцыпаў. З усім, апроч мовы, у нас добра”, і нагадаў: адказнасьць за непавагу да дзяржаўнай мовы ніхто не адмяняў.
Удалося дамагчыся назваць шэраг вуліц імёнамі выбітных беларусаў – Напалеона Орды, Язэпа Драздовіча, Івана Шамякіна. Зараз ідзе сапраўднае змаганьне зь Міністэрствам юстыцыі, у якое ўвязаліся і дэпутаты Менгарсавету – за прысваеньне сталічным вуліцам імёнаў Льва Сапегі, Эдварда Вайніловіча і Янкі Брыля. Ну а беларускамоўныя паштоўкі, капэрты, маркі – іх сапраўды зьявілася вельмі шмат.
Беларускамоўнай рэклямы – менш за 1%
Калі ў мінулыя гады зьяўлялася шмат беларускамоўнай рэклямы, сёлета – гэта адзінкі, дый то, па-беларуску рэклямуюцца замежныя фірмы – “Самсунг”, “Рэно”, “Адыдас”, а не беларускія вытворцы, сьцярджае арт-дырэктар аднаго з вядучых рэклямных агенцыяў Сяргей Скрыпнічэнка:
“Гэта зрухі, якія называюцца “мёртваму прапарка”. Тое, што робіцца нейкая рэкляма па-беларуску – яна не вырашае ні праблемы рэклямы – ніяк не ўплывае на рэкляму, не вырашае праблемы з беларускай мовай увогуле. Я як патрыятычна настроены чалавек, вітаю падобныя пачынаньні, але пры гэтым я рэаліст і бачу, што нічога не зьмяняецца. Адкрыйце рэклямную газэты і падлічыце: вы нават 1% ня знойдзеце беларускамоўнай рэклямы. Проста білборды робяць фірмы, якія маюць добрыя бюджэты, і мы гэтыя білборды вялікія проста ў горадзе заўважаем. І нам здаецца, што нямала гэтай рэклямы. Але ў агульнай колькасьці рэклямы гэта менш за 1%”.
На думку старшыні ТБМ Алега Трусава, сёлета...
“Самае галоўнае, што ў нас адбылося добрага – гэта зьявіўся беларускамоўны “Белсат” – тое, чаго ТБМ дамагалася шмат гадоў. Канал пачаў дзейнічаць”.
Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, назіраючы за сёлетнімі зрухамі, выказаўся надзвычай аптымістычна:
“Нягледзячы на ўсе абставіны, самыя маладыя людзі па падказцы самога Госпада Бога ці што, нутром адчуваюць, што трэба, мы абавязаныя, калі ня мы, дык хто? Усе надзеі – на моладзь. Вы любіце родную мову? Ня будзем падаць духам! Ня будзем упадаць у пэсымізм! Так не бывае, каб 10-мільённы народ неяк раптам, патроху, зь нечай сатанінскай сілы пазбавіўся свайго нацыянальнага аблічча, перш за ўсё мовы сваёй. Усё залежыць ад нас”.