Аляксандар Казулін сустрэўся ў калёніі з адвакатам. Былы кандыдат на прэзыдэнта выказаўся адносна амністыі.
Некалькі гадзінаў працягвалася сустрэча Аляксандра Казуліна з адвакатам Зьмітром Гарачкам у віцебскай калёніі, дзе былога кандыдата на прэзыдэнта трымаюць ужо год і дзевяць месяцаў. Пра вынікі гэтай сустрэчы распавяла дачка палітыка Вольга Казуліна:
Перадаў, што атрымлівае шмат віншаваньняў з Новым годам. Пішуць ня толькі зь Беларусі, але і з усяго сьвету
“Адвакат сказаў, што ён вельмі бадзёры і актыўны, ягоны настрой спадабаўся адвакату больш, чым падчас мінулай сустрэчы болей за месяц таму. Перадаў, што атрымлівае шмат віншаваньняў з Новым годам. Пішуць ня толькі зь Беларусі, але і з усяго сьвету. На ягоную просьбу мы дашлем яму яшчэ сто паштовак з капэртамі, каб ён мог адказваць людзям на віншаваньні”.
Гэтымі днямі пачала дзейнічаць чарговая амністыя. Некалькі вязьняў вызваліліся і зь Віцебскай калёніі. Але, паводле Аляксандра Казуліна, гэтая амністыя расчаравала шмат каго са зьняволеных.
“Тата сказаў, што ў іх калёніі ўсе вязьні былі ў шоку ад такой амністыі, бо яна аказалася вельмі абмежаваная. Ён яшчэ раз падкрэсьліў, што гэтая амністыя — зьдзек зь людзей, якія знаходзяцца ў турме”.
Паводле Вольгі, Аляксандар Казулін вітаў увядзеньне больш жорсткіх санкцыяў супроць беларускага ўраду з боку ЗША і краінаў Эўразьвязу, у тым ліку выказаўся за папаўненьне сьпісу неўязных тымі, хто датычны да рэпрэсій супроць апазыцыі.
Тым часам Тацяна Клімава, жонка другога палітвязьня – Андрэя Клімава – атрымала ад яго ліст з каляднымі віншаваньнямі. Тацяна адзначае, што ў ранейшых лістах яе муж мала пісаў пра норавы ў Мазырскай калёніі, куды патрапіў. Але з апошніх зьвестак ужо складаецца пэўны малюнак. У прыватнасьці, вось пра што распавяла Тацяна Клімава:
Прывітаньне, малышка. Пішу табе з месцаў, дзе няма нявестаў. Косьці кінуў на нізе...
“Чытаю ў лісьце: “Прывітаньне, малышка. Пішу табе з месцаў, дзе няма нявестаў. Косьці кінуў на нізе...” І далей гэтак жа цэлы абзац. Я ўжо падумала, ці не пераблытала што цэнзура, можа, даслалі мне ліст нейкага рэцыдывіста... Але далей чытаю: “Танюша, гэта я. Спадзяюся, ты зразумела мой жарт?” Проста, піша, гэта ён мне прадэманстраваў, на якой мове тут усе размаўляюць. Кажа, што ён да нядаўняга часу паловы не разумеў. І пераклаў: “косьці кінуў на нізе” — гэта значыць, што атрымаў месца на ніжнім ярусе. Вось так...Калёнія вельмі цяжкая, мае вельмі складаную рэпутацыю”.
Паводле Тацяны Клімавай, Андрэй Клімаў вельмі схуднеў і пачуваецца не найлепшым чынам. Пакутуе ад стэнакардыі. Таксама ў Андрэя Клімава заніжаны гемаглабін у крыві і яму патрэбны рэгулярны мэдычны нагляд.
Нагадаем, з красавіка Андрэй Клімаў адбывае трэцяе за час сваёй палітычнай дзейнасьці пакараньне. Гэтым разам былога дэпутата пакаралі двума гадамі зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Судзьдзі знайшлі ў артыкуле, які Андрэй Клімаў зьмясьціў у інтэрнэце, заклікі супроць дзейнай улады.