Як Вы сьвяткуеце Каляды? Што азначае асабіста для Вас сьвята Нараджэньня Хрыстовага?
Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч кажа, што пачаў сьвяткаваньне Нараджэньня Хрыстовага ўвечары 24 сьнежня на ўрачыстай літургіі, як і належыць хрысьціяніну:
Я яшчэ засьпеў той час, калі ў вёсках ставілі елкі перад Калядамі, а ня перад Новым годам
“У гэты дзень з’яўляюцца надзея і радасьць. Радасьць і надзея. І гэты дзень асацыюецца з масаю дзіцячых успамінаў. Я яшчэ засьпеў той час, калі ў вёсках ставілі елкі перад Калядамі, а ня перад Новым годам. І калі нам тлумачылі, што ўначы прыйдзе Сьвяты Мікалай. А потым Сьвятога Мікалая нам у школах замяніў гэты Дзед Мароз”.
Прафэсар, вэтэран дэмакратычнага руху Беларусі Юры Хадыка так тлумачыць, чаму ён адзначае сьвята:
“Таму што гэта традыцыйнае сьвята, якое, дзякуй Богу, 15 год таму пачало адыходзіць ад Новага году да сапраўднага сьвята — Нараджэньня Хрыстовага. Я глыбока перакананы, што захаваньне традыцый дапамагае мне захоўваць бадзёрасьць духу і веру ў лепшае”.
Вось літаральна цяпер я нясу пірог на вігілійны стол
Саліст Беларускай опэры Віктар Скарабагатаў падкрэсьлівае, што ён адзначае падвойнае сьвята — дзень Божага Нараджэньня і Каляды:
“Каляды — гэта народнае сьвята. І дзень Нараджэньня Хрыстовага, і Каляды для нашага народа вельмі важныя. Яны ў нас супадаюць. Гэта тое самае, як летам Купальле супадае з нараджэньнем Яна Хрысьціцеля. І мы сьвяткуем і тое, і тое.
Вось літаральна цяпер я нясу пірог на вігілійны стол. Так што сёньня і пачнём сустракаць Нараджэньне Хрыстова. А заўтра ўжо будзем сьвяткаваць напоўніцу”.
Актывіст Беларускага Хэльсынскага камітэту Віктар Адзіночанка кажа, што як каталік абавязкова сьвяткуе дзень Нараджэньня Хрыстовага:
“Гэта пачатак гісторыі збавеньня для ўсіх нас. Гэта такое сьветлае, радаснае сьвята, бо Хрыстос нарадзіўся, каб узяць на сябе нашыя грахі. І выратаваць. То бок гэта сьвята надзеі для мяне”.