Сёньня ў менскай галерэі “Арт-Блік” адкрываецца выстава ”Віват Альгерд! Хвала Айчыне”. Яна прысьвечаная 645-годзьдзю перамогі беларускага войска Вялікага Княства Літоўскага ў бітве з татарамі на Сініх водах. Наладзіла выставу мастацкая суполка “Пагоня”.
“Мы ўжо правялі ўсе мерапрыемствы, якія заплянавалі. Гэта і дзіцячая выстава, і навуковая канфэрэнцыя. Адбыўся канцэрт беларускай і ўкраінскай музыкі ў верасьнёўскія дні. Першую сэсію гэтай выставы мы правялі таксама ў верасьні ў кавярні “Добрыя мысьлі”. А цяпер гэтая выстава значнейшая, яна пашырылася на некалькі аўтараў, на некалькі твораў. І такім чынам мы закрываем гэтую тэму . Толькі на гэты год, паколькі наперадзе ў нас будзе 650-годзьдзе гэтай бітвы на Сініх водах”.
Паводле Міколы Купавы, выстава невыпадкова адкрываецца ў калядны вечар.
“Справа ў тым, што Альгерд са сваім войскам пайшлі ў дзікія стэпы ў жніўні. Нібыта ў верасьні адбылася гэтая бітва. І яшчэ доўгі час ім прыйшлося ваяваць. І менавіта да Калядаў яны вярнуліся ў Вільню з трыюмфальнай перамогай. І тое, што выстава сёньня тут адкрываецца, гэта невыпадкова. У гэтым ёсьць таксама свой знак, свой сымбаль. Мы такім чынам ушаноўваем Альгерда, ягонае войска, ягоныя подзьвігі. І хай гэта будзе сказана ў перадкалядную ноч”.
На выставе прадстаўленыя творы чатырнаццаці мастакоў — Міколы Купавы, намесьніка старшыні Саюзу мастакоў Беларусі Сержука Цімохава, Міхася Басалыгі, Арлена і Людмілы Кашкурэвічаў, Сьвятланы Баранкоўскай, Івана Пратасені ды іншых творцаў.