Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў вязьняў турмы на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Перад пачаткам імшы многія зьняволеныя спавядаліся ў арцыбіскупа, а таксама турэмнага сьвятара Сяргея Пекачова. У прамове падчас літургіі Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што касьцёл ідзе да ўсіх людзей, у тым ліку і зьняволеных, гэтак, як да зьняволеных і грэшных ішоў сам Хрыстос.
Мітрапаліт павіншаваў вязьняў са сьвятам Нараджэньня Хрыстова, склаў пажаданьні, а таксама з кожным падзяліўся аплаткай.
Сустрэча з вязьнямі менскай турмы – адно са шматлікіх спатканьняў, якія мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч праводзіць з рознымі асяродкамі грамадзкасьці Менску. Раней адбыліся сустрэчы з журналістамі, мэдыкамі і настаўнікамі. Плянуюцца таксама сустрэчы зь літаратарамі, выдаўцамі і іншымі творцамі. Урачыстыя імпрэзы будуць доўжыцца да сьвята Трох каралёў, якое каталіцкі касьцёл адзначае 6 студзеня.