Пра што пісалі беларускія газэты 24 сьнежня ў розныя гады мінулага.
На гэтым тыдні 1917 году “Вольная Беларусь” паведамляе: “18 сьнежня, а 3-й гадзіні у поуначы, посьля таго, як на Усебеларускім Зьездзі у Беларускім Нацыянальным домі (Дваранскае Сабранне) была прынята рэзолюцыя аб пераходзі уласьці на Беларусі да Рады зьезду, — натоўп большэвіцкіх узброеных салдат аблажыў будынак, дзе адбываўся Зьезд, арыштаваў прэзыдзіум і разагнаў зьезд... Абурэнне вялікае. Беларуская рэволюцыя пачалася. Няхай жыве Беларускі Народ!”
“Спартыўныя журналісты Беларусі назвалі дзясятку лепшых спартоўцаў, — інфармуе ў 1987 годзе “Вечерний Минск”. — Ігар Басінскі — кулявая стральба, Аляксандар Курловіч — цяжкая атлетыка, Натальля Зьверава — тэніс, Марына Лобач — мастацкая гімнастыка, Вячаслаў Яноўскі — бокс, Леанід Тараненка — цяжкая атлетыка, Ігар Жалязоўскі — канькабежны спорт, Алена Бялеўская — лёгкая атлетыка, Алена Марфель — стральба з луку, Марына Амяльянчык — водналыжны спорт”.
“Свободные новости” на гэтым тыдні 1997 году даюць слова экс-прэм’еру Міхаілу Чыгіру: “У нас сёньня няма нармальнай апазыцыі. Тыя, хто лічаць сябе апазыцыянэрамі, шчыра працуюць супраць гэтай самай апазыцыі. Рознагалосьсе расьце, пустая балбатня замест канкрэтнай працы. Ня думаю, каб мая асоба задаволіла ўсіх, таму што большасьць апазыцыянэраў толькі тым і занятая, што перашкаджае любым пераменам у самой апазыцыі”.