Вернікі Беларусі разам з усім хрысьціянскім сьветам рыхтуюцца сустрэць адно з найвялікшых духоўных сьвятаў – Нараджэньне Хрыстова.
Карэспандэнтка: “Як рыхтуецеся, зь якім настроем, што для вас сьвята Нараджэньня Хрыстова?”
Юначка: “У нас у сям’і ёсьць такая завядзёнка сьвяткаваць. Звычайна ўсе зьбіраемся, прыходзяць сваякі: бабкі, дзеткі, дзядзькі, цёткі – нават тыя, каго даўно ня бачыў, тыя прыходзяць у госьці. Усе дачыняюцца паміж сабой, віншуюць адзін аднаго. Словам, гэта такая нагода сабрацца ўсёй сям’ёй”.
Юнак: “Я чалавек ня веруючы. Таму для Мяне Раство – гэта харошае прыгожае сьвята, як традыцыя”.
Карэспандэнтка: “Што для вас Каляды?”
Спадарыня: “Гэта час нараджэньня Ісуса Хрыста. Што ён павінен нарадзіцца ня толькі сымбалічна ў ясьлях, але ў душы і сэрцы кожнага з нас. Таму мы павінны падрыхтаваць ня толькі памяшканьні, каб усё было прыбрана і чыста. Усё гэта мы рыхтуем падчас адвэнту – пэрыяду радаснага чаканьня. Зараз якраз праводзяцца адмысловыя рэкалекцыі, людзі спавядаюцца, каб падрыхтаваць сваю душу. У гэты пэрыяд людзі стараюцца быць лепшымі, вырасьці духоўна, каб сустрэць гэтае цудоўнае сьвята”.
Карэспандэнтка: “Як рыхтуецеся, зь якім настроем?”
Юнак: “Я, як адказны вернік, лічу сваім абавязкам дапамагчы ўпрыгожыць касьцёл. Канечне, самае галоўнае – гэта духоўная падрыхтоўка. Але важна, каб было і бачнае, візуальнае падрыхтаваньне. Хтосьці ўбачыў гэтую прыгажосьць і, магчыма, хтосьці праз гэтую прыгажосьць таксама прыйдзе да Бога”.
Спадарыня: “Падрыхтоўка ўся ў душы. Молімся, чакаем усімі клетачкамі сваёй душы і цела нараджэньне нашага збавіцеля і нашага памочніка ва ўсім нашым штодзённым жыцьці. Вельмі чакаем, каб хутчэй прыйшло гэтае вялікае, урачыстае і радаснае сьвята. Жадаю супакою і дабра ўсім нашым сем’ям, нашым дзецям, нашым сваякам, сябрам і ўсяму беларускаму народу”.