Прысуд Артуру Фінькевічу будзе абскарджвацца ў вышэйшых інстанцыях. Ня менш за месяц хлопец правядзе ў сьледчым ізалятары.
Нагадаем: 20 сьнежня Артура Фінькевіча пакаралі зьняволеньнем на паўтара года за парушэньні правілаў унутранага распарадку падчас адбыцьця пакараньня на “хіміі” за палітычныя графіці. Паводле прысуду Артур мусіць адбыць яшчэ 15 дзён зьняволеньня, якія ён не даседзеў на “хіміі”, бо яго ўзялі пад варту перад самым заканчэньнем тэрміну пакараньня.
Артур Фінькевіч знаходзіцца ў тым самым Магілёўскім сьледчым ізалятары, дзе яго трымалі да суду. У СІЗА ён не ўпершыню. Летась у студзені падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ён трапіў за краты за палітычныя графіці. Тады яго пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі і накіравалі ў Магілёўскую спэцкамэндатуру.
Там яму, у адрозьненьне ад іншых асуджаных, часта па некалькі дзён забаранялі пакідаць інтэрнат. За спазьненьне з працы на 13 хвілінаў супрацоўнікі камэндатуры выносілі папярэджаньні. Між тым дастаткова атрымаць тры папярэджаньні за парушэньні правілаў распарадку, каб суд замяніў умовы адбыцьця пакараньня на больш жорсткія. Назіральнікі адзначаюць, што на практыцы за такія дробныя парушэньні нікога звычайна не прыцягваюць да судовай адказнасьці.
Гаворыць Павал Севярынец, які сам адбываў пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі:
“Улада выкарыстоўвае новыя тэхналёгіі. У справе Андрэя Клімава і ў справе Артура Фінькевіча зразумелая спроба перавесьці палітычную справу на крымінальна-бытавыя рэйкі. Ніхто ўчора ня згадваў — ні пракурор, ні судзьдзя, ні, на жаль, адвакат, — што Артур быў пастаўлены ў такія ўмовы, калі кожная памылка можа каштаваць яму да трох гадоў турмы. Безумоўна, усё гэта характарызуе новую глыбіню рэпрэсіяў”.
Павал Севярынец лічыць, што грамадзкасьці трэба прыкласьці максымум намаганьняў, каб Артур Фінькевіч хутчэй апынуўся на волі:
“Заклікаў бы ўсіх беларусаў зараз пісаць лісты падтрымкі Артуру Фінькевічу. Хлопец ён моцны. Ён верыць у Бога, моліцца, але яму патрэбная падтрымка. Мы заклікаем усіх прымаць удзел у акцыях салідарнасьці з беларускімі палітвязьнямі. Мы заклікаем усіх беларусаў маліцца за Артура Фінькевіча”.
Артурава маці Марыя Фінькевіч вельмі непакоіцца за стан здароўя сына. Увечары перад судом яму выклікалі мэдыкаў. У дзень суду яму стала кепска, і судзьдзя выклікала хуткую. Пасьля ўколу Артур працягваў даваць паказаньні.
“Увесь гэты час ён незаконна адбывае пакараньне. І ўсе гэта ведаюць... Незаконна трымаць чалавека пад вартай... Незаконна на тры з паловай гады яго накіраваць... У мяне, шчыра кажучы, папросту словаў няма... У яго ўчора быў твар зялёнага колеру. У яго ж ціск падвышаны. У яго ціск падскочыў і ён папросту прасіў суд, каб паседжаньне перанесьлі на іншы дзень. А яна — не, і ўсё. Зрабілі ўкол, і ўсё”.
Гаворыць Аляксандр Мілінкевіч:
“Цяпер самае галоўнае – салідарнасьць з Артурам Фінькевічам ды іншымі палітвязьнямі. Мы мусім аддаць гэтай справе максымум сваіх высілкаў. Толькі салідарнасьць ратуе людзей і дадае нам духу, асабліва тым хто ў турме. Кіраўнікоў эўрапейскіх структур, кіраўнікоў дзяржаваў, амбасадараў — трэба іх усіх далучыць да пастаяннай працы, мэта якой — вызваленьне палітвязьняў”.
Цяпер у Артура Фінькевіча новая адвакатка. Яна пачала знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, каб падаць касацыйную скаргу ў Магілёўскі гарадзкі суд.