Пра што пісалі беларускія газэты 20 сьнежня ў розныя гады мінулага.
“Вольная Беларусь” на гэтым тыдні 1917 году цытуе артыкул М.Горкага з газэты “Новая Жизнь”: “Ленін і Троцкі і спачуваючыя ім, ужо атруціліся гнілою атрутаю уласьці, пра вошта сьведчыць іх ганебнае адношэнне да волі слова, асобы, і да усіх тых правоў, за панованне каторых баролася дэмакратыя. Сьляпыя фанатыкі і нісусьветныя авантурнікі, як скруціўшы сабе шыю, бягуць, нібы-то па шляху до соцыяльнай рэвалюцыі, а сапраўды — па шляху анархіі, да згінення пралетарыяту і рэвалюцыі”.
“Звязда”, год 1937. Майстар гомельскай абутковай фабрыкі “Праца” Пётр Грышаеў да 20-годдзя НКУС выказваецца наступным чынам: “Калі я на рабоце, я спакоен, бо ведаю, што маю радасную працу ахоўвае наш зоркі страж — НКВД. Калі я дома, я ведаю, што мой пакой, шчасце маёй сям’і ахоўвае пільна страж — НКВД. Калі я ў тэатры, на вуліцы, у магазінах, клубе, я спакоен: краіну ахоўваюць слаўныя чэкісты... Слава лепшым патрыётам соцыялістычнай радзімы Наркамунудзельцам!”
“Культура” ў 1997 годзе дае слова кампазытару Сяргею Картэсу, які піша: “Цяпер я часам прыходжу ў жах, бо творы сучасных кампазітараў, што гучаць з эстрады, падобныя да адной бясконцай, аднастайнай, вульгарнай песні. Гэта абсалютна датычыцца і “Славянскага базару”, і “Залатога шлягера” — я не баюся гэта сказаць. Нешта з гэтым трэба рабіць, нельга дапускаць халтуры і тут, трэба рабіць нейкі адбор. У рэшце рэшт мы можам трапіць у небяспечны тупік”.