У Менску адбылася прэзэнтацыя ўсіх студыйных альбомаў знакамітага беларускага сьпевака Данчыка на кампакт-дысках.
“Замілаванасьць. У іх ёсьць гэты дух беларушчыны, дух свабоды, любові да сваёй радзімы. Тое, што ідзе праз словы. Што няма народу безь яго мовы. Вось гэта ідзе празь сьпевы Данчыка”.
Арганізаваў вечарыну клюб аматараў Данчыка. На прэзэнтацыі выступілі кіраўнік праекту выданьня дыскаграфіі сьпевака Віталь Супрановіч і вядомы музыказнаўца Вітаўт Мартыненка. Гэта яны паклапаціліся пра захаваньне песень у выкананьні Данчыка на кампакт-дысках.
Паклапаціліся яны і пра тое, каб на дыску зьявіўся альбом украінскіх песень у выкананьні Данчыка. Вітаўт Мартыненка распавёў гісторыю пошукаў гэтага альбому, пра які некаторыя забыліся.
Таксама ў аздабленьні дыскаграфіі выпраўлены некаторыя недакладнасьці, якія прысутнічалі на вокладках вінілавых кружэлак сьпевака.
Мартыненка: “Тут адна песьня не з рэпэртуару “Песьняроў”. Данчык ня ведаў, хто яе аўтар. Але выдаўцы папрацавалі і знайшлі, хто аўтар. На дыску ўжо пазначана: вершы Ніны Тарас, музыка Ёсіфа Сушко. Такім чынам, гэта ня проста банальная копія старых выданьняў, а крокі наперад у асэнсаваньні нашай спадчыны”.