У Горадні адкрылася пераднавагодняя выстава “На Каляды”. Сябры абласной філіі Саюзу мастакоў наладжваюць такую выставу штогод, каб паказаць свае працы, створаныя за апошні час
Толькі частка карцін мае сугучныя Калядам настрой і сюжэт, якія гэта карціны, — распавядзе Сяргей Астраўцоў, які пабываў на адкрыцьці ў выставачнай залі на вуліцы Элізы Ажэшкі.
На выставе я сустрэў прафэсара Аляксея Пяткевіча, ён разглядаў карціну Вікторыі Ільліной. Вам яна спадабалася тым, што ў ёй ёсьць нейкі калядны настрой?”
Пяткевіч: “Вікторыя Ільліна даўно піша горад, прычым піша па-свойму. А гэтая работа, яна вельмі цёплая і сьветлая. Сьвятло у вокнах стварае настрой карціны і добра стасуецца з настроем сёньняшнім. І вось гэтая першая работа, якая ува мне адгукнулася гэтым калядным пачуцьцём”.
Карэспандэнт: “А ў горадзе, у Старым горадзе, у прыватнасьці, ці адчуваецца гэты настрой калядны?”
Пяткевіч: “Я б не сказаў, што ён адчуваецца, ня гледзячы на усякую ілюмінацыю. Ня ведаю чаму, можа таму, што надвор’е такое хмурнае, а можа й таму, што твары людзей хмурнаватыя, трэба, каб было больш усьмешак”.
Карэспандэнт: “Мы падышлі да карціны, на якой намалявана сярэдневечная жанчына: колеры белыя, чырвоныя, і цікавы подпіс: “Спадарыня. Каляды, 1410”. Намаляваў яе мастак Алесь Ступень”.
Ступень: “Ідэя была паказаць час Вітаўта Вялікага. Я намаляваў жанчыну тых часоў і зрабіў такі подпіс, маючы на увазе, што цяпер набліжаецца юбілей Грунвальдзкай бітвы”.
Карэспандэнт: “Але я разумею, што на Каляды 1410-га году перамога ужо была здабыта, бо гэта адбылося улетку, 15 ліпеня”.
Ступень: “Так, гэта, можна сказаць, твор больш такі радасны, настрой у ёй радасны, настрой сьвяткаваньня перамогі”.
Карэспандэнт: “На выставе я таксама сустрэў мастака Аляксандра Сільвановіча. Тут вісіць ягоная цікавая карціна на тэму Горадні і аленя Сьвятога Губэрта. Вось касьцёлы, храмы, і над імі ляціць гэты алень. А ці адчуваецца ў самім горадзе калядны настрой?”
Сільвановіч: “Пакуль што, на жаль, не зусім адчуваецца, хоць я сапраўды штодня хаджу ў Старым горадзе міма касьцёлаў… Напэўна, нам трэба крыху пачакаць, а бліжэй да Калядаў будзем самі ствараць сабе сьвята”.
Карэспандэнт: “Карацей, мастаку, адрозна ад звычайнага гараджаніна, прасьцей — ён сам здольны і закліканы ствараць калядны настрой для сябе і для іншых?”
Сільвановіч: “Так, сапраўды. У нас існуе нават традыцыя: мы, кола мастакоў, прыкладна чалавек дзесяць, сустракаемся сэм’ямі, зь дзецьмі і сустракаем Каляды і Новы год”.
На здымках: мастак Алесь Ступень (зьлева) і прафэсар Аляксей Пяткевіч ля карціны “Спадарыня. Каляды, 1410”; мастак Аляксандар Сільвановіч і ягоны алень Сьвятога Губэрта, што ляціць па-над Горадняй.