“Што хваліць Касьцюшку? Што ён зрабіў? Калгас наш падняў?”

Бялавічы, Івацэвіцкі раён. Эфір 11 сьнежня.


Я стаю каля старажытнай, некалі ўніяцкай, царквы ў мястэчку Бялавічы. Традыцыйныя драўляныя палескія цэрквы, на першы погляд занадта сьціплыя, валодаюць нейкай асаблівай энэргіяй. Аскетычны дэкор, пах даўно абжытага дрэва і паважны ўзрост спрыяюць шчырай малітве. Да мяне падыходзіць нейкая старая, апранутая ў гарадзкое паліто.


Старая: “А што тут такога цікавага? Ну, царква старая ў нас. За сто зь лішнім гадоў ёй. А так нічога. Што тут цікавага? Тадэвуш Касьцюшка нейкі. Зараз яго падымаюць на шчыт апошнія гады”.

Карэспандэнт: “А гэта няправільна, што яго “падымаюць на шчыт?”

Старая: “Калі б яго сваякі фінансавалі, а так...”

Карэспандэнт: “Дык ён жа герой!”

Старая: “Які ён герой. Што хваліць Касьцюшку? Што ён зрабіў? Калгас наш падняў? Ці саўгас? Работаем, грошай не даюць”.

Выказаўшы сумневы наконт таго, ці пад сілу было б Касьцюшку падняць мясцовы калгас, я разьвітаўся зь дзіўнай старой. Не паверыўшы ёй. Бо ў такіх мястэчках, як Бялавічы, ня можа ня быць цікавых суразмоўцаў.

Бялавіцкі краязнаўца Алесь Зайка – чалавек апантаны. Апантаны зьбіраньнем мясцовай тапанімікі. Гэта вясёлы 60-гадовы мужчына, тыповы вясковы інтэлігент. Дзесяцігодзьдзямі ён вандруе па навакольлі, запісваючы ўсе назвы рэчак, урочышчаў і ледзь ня ўзьлескаў. Ягоны архіў ужо складае некалькі вялікіх тэчак з запісамі.



Зайка: “Гэта грандыёзна! Гэта такое багацьце! Каб мы запісалі мікратапаніміку ўсю сваю, па ўсёй Беларусі, то нам не былі б страшныя Лукашэнкі, якія ганьбяць мову. Мы б усяму сьвету паказалі, што вось якое ў нас багацьце. Словы захаваліся, якіх значэньня ня ведаем. Ёсьць унікальныя назвы. Ластаўшчына. Што, ад ластаўкі? Ласт – гэта мера сена. Такая была тады. Унікальнае слова. Як і Марачоўшчына, дзе Касьцюшка нарадзіўся. Морач — нізіна, упадзіна”.

Пра свае родныя Бялавічы спадар Зайка апавядае з асаблівым імпэтам.

Зайка: “Тут імёны! Нарадзіўся Міхал Гамаліцкі такі, вядомы вучоны. Мэдык, археоляг, гісторык, літаратар. Нарадзіўся ў 1791 годзе. У сям’і ўніяцкага сьвятара. У тыя часы менавіта асяродзьдзе ўніяцкіх сьвятароў дало цэлую пляяду вядомых людзей. У іх упершыню пачала бруяць беларускасьць, любоў да радзімы. Ён стаў прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту. Упершыню ў сьвеце пачаў займацца пераліваньнем крыві. І яшчэ адзін нарадзіўся ў Бялавічах. Вядомы дзеяч заходнебеларускі. Іван Грэцкі. Сакратар Таварыства беларускай школы. Паплечнік Рыгора Шырмы, сябравалі вельмі моцна”.

Карэспандэнт: “Грыцкі?”

Зайка: “Грэцкі! Дарэчы, гэты вядомы хакеіст, ён аднойчы казаў, што “бабка мая адсюль родам”. І я хадзіў, і людзі памятаюць пра гэта. Што Грэцкі, выехалі туды. Усё хацеў, трэба ангельскую мову, напісаць трэнэру, ён зараз трэніруе нейкі клюб. Але гэта было ўжо даўно. Ён жа Іван Грэцкі таксама. Іаан. Іван! Уэйн Грэцкі. Бачыш, як цікава ўсё атрымліваецца? Гэты Грэцкі — мой, дарэчы, дзядзька”.

Але ня толькі прозьвішчам Грэцкі вядомыя Бялавічы. Знаны пісьменьнік Піліп Пястрак таксама з гэтых мясьцінаў. І прозьвішча Пястрак тут сустракаецца ледзь ня цераз хату. Аднавясковец і аднагодак спадара Зайкі, Сяргей Пястрак, таксама чалавек незвычайны. Гэты сумны стары са стомленымі вачыма — вэтэран адной кароткай вайны. На якой ён страціў двух сваіх таварышаў. На якой быў сур’ёзна паранены. І якую ўспамінаць ня любіць. І не з-за раны. Сяргей здушваў вугорскае паўстаньне 1956-га.



Сяргей: “Прастраляны быў. Я быў падстрэлены ў Карпатах”.

Карэспандэнт: “Там былі сапраўдныя баі?”

Сяргей: “Хапала там усяго”.

Карэспандэнт: “А як да савецкіх салдат ставіліся людзі?”

Сяргей: “Усё там было. Нават танкі палілі. Адзін камандзір танка, загарэўся танк, разварочвае, да сьцяны блізка пад’яжджае. Стрэл. І адкат паветра зьбіў полымя. Ішлі танкі, ішлі машыны, ішла пяхота. Усё ішло”.

Карэспандэнт: “Вам забаранялі размаўляць з насельніцтвам?”

Сяргей: “Нам нават не дазвалялі дзе вады ўзяць напіцца. Баяліся, што атручаная”.

А вось іншы вэтэран. Таксама Пястрак. Толькі Мікалай. Яны не сваякі і зусім не падобныя адзін да другога. Мікалай, які даўно разьмяняў дзявяты дзясятак, трымаецца, нібы падлетак. Які агонь у вачах, якая жвавасьць у рухах, які мэтал у голасе! Ён таксама ваяваў. Але ў Нямеччыне. Ён таксама мог неаднойчы памерці. Але Мікалая ратавала вера.


Карэспандэнт: “Паміраць страшна?”

Мікалай: “Ня страшна. Бо я веруючы. У Бога будзеш жыць вечна. Я напісаў бацьку, што я паміраю. Бацька кажа: нічога. Пост, малітва. Заклалі пост. Маліліся. І нічога. Я яшчэ зараз жыву. Гнойнае лёгкае. І зараз во такі рубец стаіць, на рэнтген кінуць. Напісана ў Пісаньні: тысячы будуць падаць, а цябе не кранецца. Кінула. Раніла. Цуд! Я жывы па сёньня”.

Цікава слухаць, як спадар Мікалай апавядае пра будучае жыцьцё на нябёсах. Амаль як сьведка.

Мікалай: “Такі абетаваны горад падрыхтаваны чалавеку. Але чалавек усё: “ай”.

Карэспандэнт: “А што падрыхтавана нам на небе?”

Мікалай: “Вока ня бачыла і вуха ня чула! Які горад падрыхтаваны тым, хто будзе верыць!”

Мой наступны суразмоўца — чалавек вялікі. Як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Ня кожны дзень сустракаеш пакаральніка Антарктыды. Леанід Русак, вясёлы, стары здаравяк – не карэнны белавічук. Ён з Івацэвіч, а тут трымае гаспадарку з пасекай. Але не зайсьці да яго на агеньчык і не паслухаць якую байку я ня мог.




Русак: “У Антарктыдзе ёсьць усё. Калі прыходзіць нейкая юбілейная дата, усе краіны думаюць, што гэта будзе момант, калі пачнуць дзяліць Антарктыду. А як дзяліць? Мы думалі, што “па колькасьці прысутных”. Амэрыканцы лічаць — па колькасьці навуковых адкрыцьцяў. А чылійцы ўвогуле на станцыі “Бэлінсгаўзэн” засялілі тэрыторыю і сказалі, што маюць права на свой праліў. Што ніякая гэта не Антарктыда, гэта Чылі.Калі нарадзіўся на чылійскай станцыі першы хлопчык, прыехаў Піначэт Аўгуста павіншаваць з нараджэньнем першага...”

Карэспандэнт: “Грамадзяніна Антарктыды”.

Русак: “Быў ён і на савецкай станцыі. Але ж на савецкай станцыі інструктаж быў такі – калі чылійцы прыходзяць да нас, хай прыходзяць. А мы да іх ня пойдзем. Піначэт прыйшоў і кажа, што ён хацеў бы бачыць начальніка станцыі. Але начальнік станцыі схаваўся ў сьнег. Піначэта прымаў кухар. Піначэт папіў гарбаты, згуляў у шахматы. Дзьве гадзіны пачакаў і пайшоў”.

Карэспандэнт: “А ў шахматы ня Вы зь ім гулялі?”

Русак: “Не, ня я”.

Карэспандэнт: “А што там можна дзяліць? Што там ёсьць?”

Русак: “Ёсьць алмазы, ёсьць золата, ёсьць вальфрам”.

Карэспандэнт: “Беларусы могуць прэтэндаваць на кавалак антарктычнага пірага ці не?”

Русак: “Ня ведаю. Яны ж толькі пачынаюць. І калі будзе прынцып “паводле прысутнасьці”, то мала ім дастанецца. Крошкі”.

Карэспандэнт: “Можа, нам ня трэба Вэнэсуэла? Можа, трэба Антарктыду асвойваць?”

Русак: “Можа, і трэба. Але ж беларусы паехалі туды на прычэпе. А пасьля, калі мы будзем так разьвівацца, то нам і не патрэбны гэтыя нетры”.