За першыя тры дні сабрана больш за сто подпісаў.
Сябры горацкай дэмакратычнай кааліцыі прынялі зварот да кіраўніцтва Беларусі, пад якім і ставяць свае подпісы жыхары раёну. Зварот зачытвае адзін зь лідэраў кааліцыі Эдуард Брокараў:
“Памятаючы пра страшную трагедыю Чарнобыля, мы заклікаем прэзыдэнта, урад і парлямэнт Беларусі адмяніць пастанову пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі, а неабходныя для гэтага сродкі скіраваць на распрацоўку бясьпечных тэхналёгіяў энэргаашчаджаньня. Мы заклікаем усіх, каму дарагая ўласная бясьпека і бясьпека нашчадкаў, паставіць свае подпісы пад гэтым зваротам”.
Горацкія актывісты плянуюць сабраць 2000 подпісаў, а потым даслаць іх прэзыдэнту, старшыні ўраду, у парлямэнт ды ў Горацкі райвыканкам.
Адна зь меркаваных пляцовак будаўніцтва АЭС знаходзіцца ў Горацкім раёне паблізу вёскі Кукшынава, за 15 кілямэтраў ад Горак, за 50 — ад Магілёва і за 30 кілямэтраў ад беларуска-расейскай мяжы.
Днямі спэцыялісты з дэпартамэнту геалёгіі ўнітарнага прадпрыемства “Белгеалёгія” правялі першыя досьледы грунту на Кукшынаўскай пляцоўцы. Паводле папярэдніх зьвестак, грунт Кукшынаўскай пляцоўкі больш прыдатны для будаўніцтва АЭС, чым грунт на Краснапалянскай пляцоўцы, што ў Слаўгарадзкім раёне Магілёўшчыны.