“Падарунак” 119 даляраў – што ўзамен?

Belarus - Vital Tsyhankou, RFERL, 06Dec2007

У першым квартале 2008 году кошт расейскага газу для Беларусі складзе 119 даляраў за тысячу кубамэтраў. Ці можна такую цану лічыць падарункам Крамля Аляксандру Лукашэнку?

Якой можа быць цана расейскага газу ў канцу будучага году? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы «Экспэртыза Свабоды» палітоляг Юры Чавусаў і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок» Тацяна Манёнак.

Цыганкоў: “У першым квартале 2008 году кошт расейскага газу для Беларусі складзе 119 даляраў за тысячу кубамэтраў. Зразумела, што такая цана гэта стала вынікам сустрэчы ў Менску Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна. На вашу думку, ці можна разглядаць гэта як нейкі «падарунак» Беларусі, і чым гэта можна патлумачыць менавіта такія лічбы?”


“Цяпер газавыя войны нас чакаюць штоквартальна”

Чавусаў: «Трэба адзначыць, што 119 даляраў – гэта ўсё ж падвышэньне, і даволі істотнае, на 20 працэнтаў. Калі паглядзець на гэтыя лічбы, то гэта акурат 67 працэнтаў ад таго кошту, які будзе плаціць Украіна. Натуральна, што гэта толькі на першы квартал, і надалей, зразумела, што кошт для Беларусі будзе фармавацца на базе рынкавай цаны энэрганосьбітаў. Пакуль мы маем яшчэ палітычную зьніжку, але яна ўжо адлічваецца ад рынкавага кошту газу. І ў гэтым сэнсе сытуацыя якасна новая.

Цыганкоў: “Ці нездарма гэтая палітычная зьніжка існуе толькі на першы квартал, калі ў Расеі пройдуць прэзыдэнцкія выбары і ўтворыцца новая сытуацыя?”

Чавусаў: “Скажам так, калі раней беларуска-расейскія газавыя войны былі як Алімпійскія гульні – зімнія і летнія – то цяпер гэтая радасьць чакае нас штоквартальна. Справа ідзе ў накірунку прывядзеньня стасункаў з Беларусьсю ў энэргетычнай сфэры ў рэчышча агульнапрынятых стандартаў.

Манёнак: “Толькі цяпер акрэсьліваюцца некаторыя дэталі таго пагадненьня, якое было падпісанае напрыканцы 2006 году паміж Беларусьсю і “Газпромам”. Паводле дамовы, у першым квартале 2008 кошт газу для Беларусі ня мусіць падвышацца больш чым на 19 працэнтаў. Гэта і здарылася. Таму пра нейкія падарункі для Беларусі казаць нельга.

Пра нейкія падарункі для Беларусі казаць нельга

А ў астатні пэрыяд падвышэньне для Беларусі будзе паводле эўрапейскага кошту. І гэта будзе адпавядаць 67 працэнтаў ад сярэдняэўрапейскай цаны, як і прадугледжана ў дамове.

Тое, што ў першым квартале кошт будзе такім, пра гэта ня ведаў ніхто з журналістаў. Але пра гэта ведаў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, таму ён так упэўнена і казаў пра 119 даляраў. Я сама пра гэта даведалася з пэўнай крыніцы ва ўрадзе толькі сёньня. Беларускі бок моцна не задаволены вынікамі перамоваў, бо яны вялі размову, каб дабіцца перагляду самой формулы, бо прывязка да эўрапейкай цаны вельмі не задавальняе Менск.”

Адзінае, што беларусы выгандлявалі – гэта крэдыт паўтары мільярды даляраў. Але, наколькі я разумею, гэта таксама не падарунак, бо бакі пагадзіліся, што Беларусь прымае ўсё ж формулу ўтварэньня цаны на газ. А расейскі бок, каб нейкім чынам улагодзіць пераходны пэрыяд, дае гэты крэдыт – на даволі спрыяльных умовах. І гта дае магчымасьць беларускаму ўраду праводзіць тую ж палітык, не мяняючы нічога ў эканоміцы».


Пералік маскоўскіх козыраў

Цыганкоў: “Калі 119 даляраў – гэта зусім не падарунак, то ці не дазваляе гэта зусім па-іншаму ацэньваць вынікі перамоваў Пуціна і Лукашэнкі?”

Чавусаў: “Калі прыняць на ўзбраеньне старую мэтадалёгію амэрыканскіх «крэмленолягаў» і ацэньваць вынікі перамоваў па тварах іх удзельнікаў, то натуральна, твар Лукашэнкі ня быў падобны на твар пераможцы. Бачна, што перамовы былі складаныя і беларускі бок ня вельмі імі задаволены.

Што наконт крэдыту, то гэта стратэгічны крок Масквы. У дадатак да энэргетычнай удаўкі Масква зараз вырашыла дадаць і крэдытную ўдаўку. Сума зьнешняга доўгу яшчэ летам наблізілася да 10 мільярдаў даляраў, памеры беларукіх запазычанасьцяў дазваляюць казаць, што ў выпадку неспрыяльных абставінаў на энэргетычным рынку і з улікам нашага несуцяшальнага замежнагандлёвага балянсу паўстае пагроза дэфолту. Такім чынам, Расея будзе мець магчымасьць шантажаваць Менск ня толькі энэргетычна, але і пагрозай дэфолту.

Што будзе патрэбна Крамлю ад Беларусі – мы можам толькі здагадвацца. Кажуць, што гэта можа быць расплата беларускімі прадпрыемствамі і безумоўнае адкрыцьцё беларускага рынку для расейскіх тавараў – што было прадугледжана адпаведнымі пагадненьнямі, але беларускі бок гэта дасюль ня выканаў. Некаторыя кажуць нават пра тое, што Беларусь пагадзіцца на разьмяшчэньня стратэгічнай зброі на сваёй тэрыторыі, альбо – больш рэалістычны варыянт – Беларусь аддасьць сваю супрацьпаветраную абарону ў падпарадкаваньне маскоўскага кіраўніцтва, як гэта было таксама прадугледжана дамоўленасьці, але беларускі бок і гэтага не зрабіў”.

Цыганкоў: “Якую цана на газ беларуская эканоміка пры сёньняшнім стане можа вытрымаць без радыкальных зьменаў і зьнешніх запазычаньняў?”

Манёнак: “Трэба казаць пра тое, што час пачынаць рэформы, а ня тыя продажы ўласнасьці, што мы назіралі сёлета, гэта не падвышае эфэктыўнасьць эканомікі. Я лічу, што танны газ – гэта нават больш крытычна, рынкавы кошт на газ прымусіць урад і кіраўніцтва прадпрыемстваў хутчэй адаптавацца да рынкавай сытуацыі”.