Не пасьпеў Мінюст зарэгістраваць аб'яднаньне «Белая Русь», як у розных установах пачалі ствараць пярвічныя арганізацыі гэтай структуры.
Адной з самых масавых стала пярвічка ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце (БДУ), у якую аб'ядналіся больш за 70 супрацоўнікаў і студэнтаў. Падчас устаноўчага зьезду «Белай Русі» ў сярэдзіне лістапада яе кіраўніком абраны міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў, які раней выступаў крытыкам палітызацыі студэнцтва.
Міністэрства юстыцыі зарэгістравала «Белую Русь» у рэкордна сьціслыя тэрміны – усяго за тыдзень. Цяпер перад актывам узаконенай арганізацыі стаіць задача да канца году стварыць так званыя «пярвічкі» праўладнага аб'яднаньня. Першымі да працэсу пачалі далучацца вышэйшыя навучальныя ўстановы. У суполкі ўваходзяць ад 50 да 100 чалавек, у залежнасьці ад статусу і памеру навучальнай установы.
«Пярвічная эліта»: 70 асабліва актыўных
Так, у БДУ больш за сем дзясяткаў выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў заснавалі пярвічную суполку “Белай Русі”, якую ўзначаліў рэктар Васіль Стражаў. У інтэрвію БелТА ён зазначыў: асноўная задача, якая стаіць перад сябрамі “Белай Русі” – “выхоўваць патрыётаў Радзімы, сапраўдных грамадзянаў Беларусі”. Праца ячэйкі, удакладніў чыноўнік, будзе скіраваная на падтрымку ініцыятываў у студэнтаў, супрацоўнікаў і пэдагогаў. Да канца году пярвічкі “Белай Русі” будуць створаныя ў бальшыні ВНУ, пасьля чарга дойдзе да іншых працоўных калектываў дзяржаўнага сэктару.
На каго ўсё ж плянуюць абапірацца ў новастворанай ідэалягічнай структуры – на студэнцкую моладзь ці ўсё ж на дасьведчаных супрацоўнікаў, якім усё часьцей даводзіцца спалучаць ролю настаўніка і прапагандыста? Гаворыць прадстаўніца БДУ Вольга Шчадрына:
“Я так думаю, што там усё ж выкладчыкаў будзе больш, чым студэнтаў. У навучэнцаў ёсьць сваё...”
Карэспандэнт: “Маеце на ўвазе БРСМ?”
“Так, менавіта. Таму гэта, мне падаецца, больш для супрацоўнікаў, выкладчыкаў. Для дарослых, так скажам”.
Карэспандэнт: “І кіраўнік усёй структуры – сам рэктар?”
“А як жа? Усё ж такая сур’ёзная арганізацыя. Хто ж яшчэ яе павінен узначаліць?”
«Белая Русь» -- «бээрэсэм» для дарослых
Колішні прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў ідэю стварэньня ў ВНУ чарговай праўладнай структуры называе гульнямі ў «бээрэсэм для дарослых»:
«То бок, будуць заганяць туды выкладчыкаў, супрацоўнікаў. Міністар узначаліў, таму робіцца простая разнарадка кіраўніцтву ВНУ з удакладненьнем: табе стварыць «ячэйку» на 50 чалавек, табе – на 100, у залежнасьці ад колькаснага складу. Але ж ствараць філіі палітычных стуктураў забаронена законам! Натуральна, яны могуць спасылацца на тое, што гэта грамадзкая структура. Але ў Беларусі шмат іншых грамадзкіх арганізацыяў, якія ня могуць легалізавацца ў ВНУ. А, па-другое, якія яе мэты і задачы? Калі будуць толькі падбрэхваць уладзе, тады навошта ўсё гэта? А калі яны вырашаць пытаньне фінансаваньня, праблемы платнай адукацыі, якая ўжо на 60% складае сыстэму навучаньня, тады я і сам запішуся. Праўда, мяне туды ня возьмуць».
Зрэшты палітычную афарбаванасьць грамадзкага аб'яднаньня, якое ў агляднай будучыні можа трансфармавацца ў партыю, у кіраўніцтве арганізацыі і не абвяргаюць. Як выказаўся на ўстаноўчым сходзе «Белай Русі» Аляксандар Радзькоў, арганізацыя, створаная ў падтрымку прэзыдэнта, у пэрспэктыве стане «самай масавай у краіне».
«Единая Россия» нарадзіла беларускі клён
Аналітыкі кажуць, што “Белая Русь” скапіяваная з расейскага палітычнага досьведу. 17 лістапада Аляксандар Радзькоў заявіў, што налета сябры арганізацыі змогуць удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Ці зьбіраецца ў пэрспэктыве «Белая Русь» заняць падобнае месца таму, якое з падачы ўладаў цяпер мае ў Расеі партыя «Единая Россия»? Пра гэта запытваю ў сябра Савету “Белай Русі”, сакратара ЦК БРСМ Аляксандра Далжэўскага:
«Пажывем – пабачым. У нас свая краіна, свае адметнасьці. У тым ліку свае асаблівасьці разьвіцьця ўсіх грамадзкіх арганізацыяў у адпаведнасьці з заканадаўствам нашай краіны... Але адно іншаму не перашкаджае. Усё будзе рабіцца ў адпаведнасьці са Статутам грамадзкай арганізацыі».
Падчас устаноўчага зьезду «Белай Русі» яго удзельнікі неаднаразова падкрэсьлівалі: палітычны рух створаны з волі народу, і нікога туды гвалтам цягнуць ня будуць.