Пра гэта заявіў нашаму карэспандэнту генэральны сакратар Рады Эўропы Тэры Дэвіс.
“Беларусь зьвярталася з просьбай аб далучэньні да Рады Эўропы. Але разгляд яе звароту быў спынены, бо яна не выконвала стандарты дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону, і мы і зараз ня можам вярнуцца да разгляду звароту Беларусі.
Гэтая сытуацыя цягнецца ўжо больш за 10 гадоў. Мы выказваем шкадаваньне з гэтай нагоды, бо Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе, якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы.
Каб далучыцца да Рады Эўропы, Беларусь павінна мець свабоду друку, павінна быць магчымасьць распаўсюджваць газэты, якія крытыкуюць прэзыдэнта Беларусі. Я мяркую, што павінна палепшыцца становішча з правамі чалавека. Будзе таксама добрым крокам, калі скасуюць сьмяротнае пакараньне, Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе, якая ўсё яшчэ мае сьмяротнае пакараньне”, сказаў Тэры Дэвіс.
Нагадаем, што на мінулым тыдні Рада Эўропы асудзіла сьмяротныя прысуды, выкананыя апошнім часам у Беларусі і ў Японіі. У Беларусі быў пакараны сьмерцю былы афіцэр міліцыі Аляксандар Сяргейчык.