Агляд беларускага сеціва
На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць фотарэпартаж пра візыт Уладзімера Пуціна ў Менск.
“Нешта ня бачна ніводнага фота, якія сёньня заторы цераз гэтых гоблінаў стаяць”.
“Прыгожая, пэўна, прэзыдэнцыя рэзыдэнта... Лукашэнка вышэйшы за Пуціна, а Сідорскі вышэйшы за Зубкова, а маскоўскія міліцыянты вышэйшыя за менскіх, таму нашыя такія злосныя, а Лукашэнка добры і шчыры”.
“Вельмі шкада, што не было здымкаў вітальнага натоўпу, студэнтаў, якіх сагналі да плошчы Перамогі ўжо а палове на дванаццатую. З чырвона-зялёнымі сьцягамі й расейскім трыкалёрам. Ці застужаныя на марозе твары неглямурна выглядаюць?”
Чытач сайту Свабоды Андрэй сёньня пакінуў такое паведамленьне: “Каля 14 гадзіны я выходзіў са станцыі "Кастрычніцакая", на мне быў значак "Размаўляй са мной па-беларуску". На гэта адразу ж адрэагавалі людзі ў цывільным, адзін зь іх штосьці передаў па мабільным тэлефоне і... чакаць доўга не давялося... На ўваходзе ў МакДональдс мяне дагнаў адзін з супрацоўнікаў і запытаў, ці сюды я накіроўваюся? (мне ажно сьмяяцца захацелася) і загадаў паказаць, што ў сумцы. Я адмовіўся й запытаўся дакумэнты, але ў адказ пачуліся толькі пагрозы, і ў выніку давялося паказаць што ў сумцы (а ў ей быў толькі сшытак). На выхадзе з МакДональдсу я запытаўся ў прадаўцоў, ці можна ўзяць сьцяжок МакДональдса (там з аднаго боку надпіс I'm lovin' it, а з другога намаляваны Мак) і на знак пратэсту супраць усіх, хто ішоў са сьцяжкамі Расеі й Беларусі, пайшоў да мэтро, размахваючы гэтым сьцяжком, але празь некалькі хвілінаў мяне зноў спынілі й адабралі гэты сцяжок, параіўшы ехаць дадому, каб ў пазьбегнуць вялікіх непрыемнасьцяў».
На форумах сайту Гомельскага абкаму БРСМ нехта пад нікам Агульныя палажэнні піша пра акцыю апазыцыі 12 сьнежня, якую разагнаў АМАП. “Пасьля ўчорашняй бойні вельмі хацелася па-жаноцку выгукнуць, зьвяртаючыся ды тых аднолькава-камуфляжна-бясколерным: “Спадарства, вы зьвяры!” Але неяк не атрымліваецца. Бо ня толькі не спадарства, але й нават не зьвяры. Бо зьвяры не нападаюць проста так – імі можа рухаць толькі інстынкт і пачуцьцё голаду. Вядома ж, тут напрошваецца спрашчэньне ў бок аднаклеткавых, але не прыгадаю, каб нават амёбы нападалі на кагосьці проста так. То няма для іх параўнаньня ні ў жывёльным, ні ў расьлінным сьвеце: ужо занадта нудотныя іхныя твары, каб быць падобнымі хоць да чагосьці, занадта бясформенныя фігуры, занадта аднастайнае жыцьцё. Іхная адзіная полавая прыкмета – гумавы дручок. І нават твары чальцоў Палітбюро на тле ўчорашніх істотаў з дручкамі выглядае як фінал конкурсу “Містэр Усясьвет”. Значыцца, і казаць пра іх ня трэба”.
А ў суполцы Жывага Журналу by_politics абмяркоўваюць заяву амбасадара Злучаных Штатаў у Беларусі Карэн Ст’юарт, паводле якой ЗША прызнае рэфэрэндум пра стварэньне саюза Беларусі й Расеі, калі гэты рэфэрэндум пройдзе свабодна й справядліва. Такую заяву амбасадарка зрабіла 13 сьнежня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску. Камэнтары чальцоў суполкі:
“Сярод раз’юшаных сатрапаў,
Паганы зладзіўшы хаўрус,
Свае таргуюць і чужыя
Табой, няшчасны беларус. Янка Купала”
“А што, ўжо рэфэрэндум?”
“Канечне, ЗША прызнае любы свабодны і справядлівы рэфэрэндум. Нейкі журналіст запытаўся, Ст’юарт адказала тое, што й павінна была, і вось вам навіна...”
Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГІ”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.