Пасяджэньне дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы ў Менску было перанесена на дзьве гадзіны пазьней за папярэдне вызначаны час. Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў фармаце “сам-насам” зацягнуліся да чацьвёртай гадзіны.
Беларускі бок гатовы да перамоваў па ўсіх пытаньнях
Паводле афіцыйных крыніцаў, галоўнай тэмай парадку дня стаў бюджэт саюзнай дзяржавы. Хоць раней прэзыдэнцкая прэс-служба паведамляла, што будзе разгледжаны таксама й праект Канстытуцыйнага акту.
“Пытаньняў у нас шмат. Пытаньні — ад абароны, бясьпекі нашай дзяржавы да эканамічных і сацыяльных пытаньняў. Гэтыя пытаньні мы ні ад кога не хаваем. Мы іх агучым, напэўна, на прэс-канфэрэнцыі па нашых дамоўленасьцях. Таму нічога тут надзвычайнага няма. І я яшчэ раз падкрэсьліваю, што беларускі бок гатовы да перамоваў па ўсіх пытаньнях у тым фармаце, які быў з вамі вызначаны”, – сказаў Аляксандар Лукашэнка.
У сваім выступе на адкрыцьці паседжаньня Ўладзімер Пуцін казаў пра неабходнасьць больш энэргічных крокаў у мэтах фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы, стварэньня паўнавартаснага мытнага саюзу, ліквідацыі перашкодаў у гандлі. Паводле Пуціна, падчас перамоваў абмяркоўваліся захады дзеля ўмацаваньня эканамічнага фундамэнту стасункаў паміж абедзьвюма дзяржавамі.
Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Уладзімера Пуціна зь перамогай на выбарах “Адзінай Расеі”. Ён сказаў, што расцэньвае гэты візыт як сымбаль прыхільнасьці яднаньню дзьвюх краінаў. А. Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова “адыграць сваю ролю ў пытаньні магчымага разьмяшчэньня ў Эўропе элемэнтаў проціракетнай абароны ЗША”. А таксама цесна каардынаваць з расейскім бокам свае дзеяньні па адаптацыі Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
Для мяне вельмі дзіўна, што гэты візыт выклікаў ажыятаж на Захадзе. Хачу праўду сказаць, тут абсалютна няма ніякага падтэксту
У складзе расейскай дэлегацыі — прэм’ер-міністар Расеі Віктар Зубкоў, старшыня Савету фэдэрацыі Сяргей Міронаў, сьпікер Дзярждумы Барыс Грызлоў, міністар фінансаў Аляксей Кудрын і кіраўніца Мінэканомразьвіцьця Эльвіра Набіуліна.
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў гэтым візыце няма нічога надзвычайнага:
“Дзіўныя для мяне прагнозы ў Беларусі і ў Расеі адносна вашага афіцыйнага візыту. Для мяне вельмі дзіўна, што гэты візыт выклікаў ажыятаж на Захадзе. Хачу праўду сказаць, тут абсалютна няма ніякага падтэксту. Мы сапраўды як сяброўскія саюзныя дзяржавы сустракаемся ў Менску, і было б дзіўна, што вы ў якасьці прэзыдэнта Расеі не пабывалі ў Менску з афіцыйным візытам. Таму вось і ўся прычына афіцыйнага візыту прэзыдэнта Расеі ў Менск”.
У сувязі зь візытам прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Менску прынялі надзвычайныя захады дзеля бясьпекі. Уздоўж цэнтральных праспэктаў, у мэтро і ў дварах стаяла мноства міліцыянтаў, спэцназаўцаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным. А палове на дзявятую раніцы ад парку Чалюскінцаў групамі па некалькі дзясяткаў чалавек ішлі людзі ў цёмнай спартовай вопратцы. Цягам дня рух машынаў па шэрагу цэнтральных вуліцаў быў абмежаваны.
Каб прывітаць расейскага прэзыдэнта, на плошчу Перамогі прывялі студэнтаў, рабочых менскіх заводаў, навучэнцаў каледжаў, Акадэміі міліцыі ды іншых. Аднак, чакаючы Пуціна, ім давялося стаяць на плошчы амаль тры гадзіны. На плошчу іх прапускалі паводле адмысловых сьпісаў. Вольны праход на плошчу быў перакрыты, што выклікала абурэньне некаторых грамадзянаў:
«Я хацела прайсьці на плошчу і праклінаю на чым сьвет стаіць і нашу ўладу, і нашых гасьцей. Гэта поўнае бязьмежжа. Чаму я ня маю права хадзіць па сваёй роднай зямлі? Я іду на працу. Чаму я павінна абыходзіць з хворымі нагамі? Можа, мне хутка і дыхаць не дазволяць».