Абшукваюць ня толькі апазыцыянэраў, але і іхных бацькоў і цешчаў.
Сёньня ў Гомелі чатыры супрацоўнікі рэгіянальнай управы КДБ правялі ператрус у офісе абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які месьціцца ў прыватным доме на вуліцы Палескай, 52.
Службоўцы нібыта шукалі ўлёткі пра замову на 16 студзеня мітынгу супраць адмены ільготаў.
Улётак яны не знайшлі, аднак сканфіскавалі звыш двух дзясяткаў зваротаў да дэпутатаў парлямэнту з патрабаваньнем зрабіць справаздачу ў акругах перад выбарцамі, дыск зь фільмам Юр'я Харшчавацкага, 11 асобнікаў газеты “Свабода”.
Пасля гэтага супрацоўнікі КДБ накіраваліся рабіць ператрусы ў вясковых хатах цешчы сябра АГП Леаніда Судаленкі ў Бабовічах, у бацькоўскай хаце сябоўкі АГП Зінаіды Шумілінай і ў хаце цешчы намесніка старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП Уладзімера Кацоры ў вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёну.