Сёньня другі дзень афіцыйнага візыту прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Беларусь. Ён возьме ўдзел у паседжаньні дзяржаўнага савету “саюзнай дзяржавы”.
Уладзімер Пуцін прыляцеў у Менск прыкладна а восьмай гадзіне ўчора ўвечары і накіраваўся ў гарналыжны комплекс “Сілічы”. Там прайшла яго нефармальная сустрэча з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Ніякіх заяваў для прэсы ў Менску Ўладзімер Пуцін не зрабіў. Паведамленьні расейскіх і беларускіх мэдыяў былі кароткія.
Кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павел Лёгкі сказаў нашаму радыё:
“Сустрэча праходзіць у фармаце “сам-насам”. Там ніхто не прысутнічае. Асабістая прэса здымала толькі кароткую пратакольную частку. Магу толькі сказаць, што будзе абмяркоўвацца самае шырокае кола расейска-беларускіх праблем, актуальных пытаньняў. Прэзыдэнты сустракаюцца бяз гальштукаў. Гэта абсалютна нармальная практыка. Гэта максымум таго, што я магу ў дадзенай сытуацыі сказаць”.
Паводле Паўла Лёгкага, сёньня перамовы працягнуцца ў афіцыйным фармаце. На парадку дня саюзны бюджэт, гандлёва-эканамічныя стасункі, плян сумеснай дзейнасьці ў замежнай палітыцы. А таксама пытаньні, зьвязаныя з функцыянаваньнем сакратарыяту саюзнай дзяржавы.
Гэта вельмі небясьпечны візыт для Беларусі
Прэзыдэнт Пуцін у сакавіку 2008-га мае пакінуць сваю пасаду. Чаму ж толькі цяпер ён прыехаў у Менск з афіцыйным візытам?
“Я думаю, што мэта візыту Пуціна – гэта Беларусь, – гаворыць міжнародны каардынатар “Хартыі” Андрэй Саньнікаў. – Гэта вельмі небясьпечны візыт для Беларусі, бо гаворка можа ісьці толькі пра ўсталяваньне кантролю Расеяй над Беларусьсю.
Мы ведаем, што асабістыя адносіны Лукашэнкі і Пуціна – гэта нават не канфлікт, а нянавісьць адзін да аднаго. Пуцін працяглы час пазьбягаў сустракацца з Лукашэнкам сам-насам. Гэта азначае, што ён рыхтаваў такі візыт, каб прымусіць Лукашэнку здаць Беларусь.
Гэта нельга лічыць міждзяржаўнымі стасункамі. Гэта прыехаў аўтакрат да дыктатара. І таму можа ісьці гаворка пра нейкія змовы, пра якія мы можам даведацца хутка, а можам і не даведацца”.
У сувязі зь візытам Пуціна ў Менску адбыліся акцыі пратэсту, якія жорстка разганяла міліцыя. Учора моладзевыя актывісты выйшлі на вуліцу Няміга з расьцяжкай “Путин, go home!”.
Можна нават і тое страціць, што мы сёньня маем
12 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу ўдзельнікі акцыі “За незалежную Беларусь” прынесьлі бел-чырвона-белыя і эўрапейскія сьцягі, рвалі партрэты Пуціна. Падчас разгону міліцыянты моцна зьбілі аднаго зь лідэраў “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука – ён знаходзіцца цяпер у 9-м клінічным шпіталі Менску.
“Хацеў бы пажадаць непахіснай волі і паказаць тое, што ня варта баяцца ў нашай краіне, – сказаў у інтэрвію “Свабодзе” Зьміцер Хведарук. – Бо калі прыяжджае нават Пуцін, і з-за гэтага, напрыклад, мне ці яшчэ камусьці давядзецца ахвяраваць сваім здароўем, то гэта сапраўды вартая справа. Бо можна нават і тое страціць, што мы сёньня маем. Нам варта адстойваць хаця б гэта. І спадзяюся, пры наступных акцыях ужо не паўторыцца зьбіцьця такога”.