Адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук знаходзіцца ў 9-м клінічным шпіталі Менску. Сюды яго прывезьлі ўчора ў беспрытомным стане пасьля таго, як актывіста зьбілі спэцназаўцы падчас разгону дэманстрацыі “За незалежнасьць”. Зьміцер сказаў, што пакуль у яго кружыцца галава, калі ён прыпадымаецца. Але пачуваецца ён ужо лепей. Паводле лекараў, Хведарук застанецца ў лякарні яшчэ тыдзень.
Сёньня яго наведалі амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт і кіраўнік дыпляматычнай місіі Славаччыны Любамір Рэгак. Амбасада Славаччыны ў Беларусі выконвае функцыі прадстаўніцтва Эўразьвязу.
Пра гэтую сустрэчу Зьміцер Хведарук сказаў:
Амбасадарка выказала заклапочанасьць такім вось стаўленьнем да беларускай моладзі, тым, што зьбіваюць людзей на акцыях, на мірных дэманстрацыях за тое, што яны проста маюць нацыянальную сымболіку з сабой.
Яны сказалі, што і надалей будуць адсочваць сытуацыю і прымуць нават заяву на саміце Эўрапейскага зьвязу.
То бок, у прынцыпе, гэты прыезд Пуціна будзе мець шырокі розгалас. Тое, што Беларусі хочуць навязаць расейскую палітыку яшчэ больш глыбей, сапраўды, можа гэты чыньнік паспрыяе, і гэтага не дапусьцяць”.
Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў зьбіцьцё людзей і жорсткі разгон мірнай акцыі. Палітыкі і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі таксама выказалі свой пратэст супраць дзеяньняў беларускіх уладаў у дачыненьні да ўдзельнікаў акцыі “За незалежнасьць”, якая была прымеркавана да візыту расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.
Зьміцер Хведарук ляжыць у аддзяленьні спалучальных траўмаў 9 клінічнага шпіталя. Мэдыкі зафіксавалі пабоі і чэрапна-мазгавую траўму. Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну Менску расьсьледуюць абставіны зьбіцьця актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука
Зьміцер Хведарук распавядае пра тое, што зь ім здарылася ўчора на Кастрычніцкай плошчы.