Самыя прыгожыя дзяўчаты і самыя мэтанакіраваныя хлопцы ў Нямеччыне – зь Беларусі”,-- піша нямецкі пісьменьнік Уладзімер Камінэр.
“Дзякуючы штодзённаму ўжываньню бульбы – на сьняданак, на абед, на вячэру,– большасьць беларусаў ня маюць лішняй вагі і да таго ж добра выглядаюць”,– піша ў сваёй кнізе “Кухня таталітарная. Кулінарная кніга сацыялізму” (Küche totalitär. Das Kochbuch des Sozialismus). Адзін з самых папулярных сучасных нямецкіх пісьменьнікаў Уладзімер Камінэр.
Колішні маскоўскі гукарэжысэр і ды-джэй, які ад 1990 году жыве ў Бэрліне, піша свае кнігі не на роднай расейскай, а на нямецкай мове. Сёньня Уладзімер Камінэр уваходзіць у дзесятку найбольш папулярных пісьменьнікаў Нямеччыны. Ягоныя кнігі выдаюцца мільённымі тыражамі і перакладаюцца на розныя мовы. Ня меншы посьпех маюць літаратурныя чытаньні пісьменьніка. Квіткі на гэтыя імпрэзы нямецкія чытачы мусяць набываць загадзя. Мой званок напаткаў Камінэра ў Білефэльдзе, дзе сёньня ўвечары павінны адбыцца ягоная чарговая сустрэча з чытачамі. Натуральна, будуць гучаць і ўрыўкі з “Кулінарнай кнігі” – своеасаблівага сынтэзу гастранамічных рэцэптаў народаў СССР і вясёлых гісторыяў пра прадстаўнікоў гэтых народаў.
Паводле Камінэра, гастранамія –адзін са спосабаў разбурыць пэўныя стэрэатыпы заходніх абывацеляў адносна тых, каго яны агулам называюць “рускімі”.
Камінэр: “Працуючы над кнігай, я меў на мэце распавесьці пра нейкія традыцыі тых, каго тут на Захадзе называюць “рускімі”. Бо насамрэч гэтыя людзі зусім не ідэнтыфікуюць сябе са 120 мільёнамі расейцаў.
Карэспандэнтка: “Як вы лічыце, паводле чаго адбываецца ідэнтыфікацыя?”
Камінэр: “Я буду гаварыць пра людзей майго пакаленьня і майго складу. Я нарадзіўся ў 1967 годзе і трапіў на Захад у выніку авантурных імкненьняў, а не як палітычная ахвяра ці ахвяра антысэмітызму. З майго гледзішча, ідэнтыфікацыя адбываецца не паводле нацыянальнасьці, якая стаяла ці не стаяла ў пашпарце. Пасьля крушэньня сацыялізму ўсё замежжа перастала быць замежжам. У поле інтарэсаў маіх равесьнікаў, колішніх суайчыньнікаў, сталі трапляць новыя тэрыторыі. Людзі майго складу лёгка асымілююцца ў любым грамадзтве, яны адкрытыя да вывучэньня самых розных замежных моваў, культураў. У мяне шмат сяброў ва ўсім сьвеце. Сярод іх тыя, хто жыве у “лукашэнкавай Беларусі”. Яны часта прыяжджаюць да нас у Бэрлін. Гэта самыя розныя людзі: музыканты, бізнэсоўцы, пажарнікі...”
Карэспандэнтка: “Як вынікае з вашай “Кулінарнай кнігі”, свайго першага сябра-беларуса вы сустрэлі ў войску. Вы ўзгадваеце ягоныя расповеды пра ягоны родны Наваполацк, а таксама пішаце пра смак печанай ім бульбы. Ваш аднавайсковец рабіў гэта на прыладзе, падобнай на прас, а ў якасьці тлушчу выкарыстоўваў тэхнічны вазэлін...”
Камінэр: “Так, гэта было такое вайсковае прыстасаваньне, электрыфікаванае гэтак жа, як і прас. Гэта было вельмі смачна. Усё, што робіцца ў маладосьці, потым набывае такую рамантычную афарбоўку... У выніку гэта ўзгадваецца як штосьці яшчэ больш смачна, чым у рэальнасьці”.
Карэспандэнтка: “Наколькі ў вашых чытачоў добра з пачуцьцём гумару? Вы пішаце, напрыклад, што “бульбяная дыета” не дае залішняй вагі, факт, бо пераважная большасьць беларусаў, дзякуючы бульбе, вельмі падцягнутыя людзі і да таго ж вельмі молада выглядаюць. Ці ня лічыце вы, што нямецкія чытачы успрымуць гэта літаральна і налягуць на бульбу?”
Камінэр: “Аднак тое, што я напісаў пра бульбу і беларусаў, гэта чыстая праўда. Так склалася маё жыцьцё ў Бэрліне, што большасьць маіх сяброў, суседзяў – беларусы. У вас ўсе выглядаюць падцягнутымі. Таксама мне падаецца, што ў Беларусі вельмі добра пастаўлена з вывучэньнем нямецкай мовы. Усе беларусы прыяжджаюць сюды з добрымі ведамі нямецкай. Дарэчы, самыя прыгожыя дзяўчыны і мэтанакіраваныя хлопцы, як высьвятляецца, ёсьць беларусамі. Што цікава, найчасьцей з Гомеля.
Пад час маіх чытаньняў я заўсёды чую шмат пытаньняў пра Беларусь. Ніхто нічога пра гэту краіну і яе людзей ня ведае. Месяц таму ў Ростаку мне расказалі пра беларусаў такое, што я ледзь ня вываліўся з таксоўкі. Кіроўца распавядаў, што ўвесь Ростак падзелены на этнічныя мафіёзныя групоўкі. “Унізе ўсім кіруюць віетнамцы,– гаварыў ён,– наверсе туркі, а цэнтар захапілі беларусы”. Я спытаўся: “А як вы зразумелі, што гэта беларусы? Яны што неяк асабліва высьвечваюцца?” “Не, кажа кіроўца, гэтыя людзі сьцьвярджаюць, што яны расейскія немцы, аднак тут кожны ведае: гэта беларусы! (Jeder weiss, das sind Weissrussen!). Такім чынам, у Ростаку з’явілася нейкая беларуская мафія. Хтосьці падкінуў немцам прыгожае словам “Weissrussen”. Вось яны і лічаць ўсіх сьветлых замежнікаў, якія свабодна размаўляюць па –нямецку, але з такім усходнеэўрапейскім акцэнтам, беларусамі. Для большасьці немцаў – Беларусь асацыюецца як дыктатура дзесьці ў лясах Усходняй Эўропы”.
Карэспандэнтка: “У адным з інтэрвію вы сказалі, што “з-за Лукашэнкі, немцы ня любяць беларусаў на палітычным узроўні або на ўзроўні чыноўнікаў. Лукашэнку ад гэтага ні горача, ні халодна. А ў звычайных беларусаў – праблемы. Ім складаней за іншых атрымаць візы, вырашыць розныя іншыя праблемы ў часе знаходжаньня ў Нямеччыне”...
Камінэр: “Так, такіх гісторыяў –мільён. Я напісаў пра Беларусь нават вельмі сур’ёзныя работы ў сур’ёзных выданьнях. Напрыклад, вялікую работу ў часопісу “Konkret”, дзе проста расказаў пра палітычную сытуацыю, пра мінулае і пра рэчаіснасьць, пра тое, што ў Беларусі адбываецца і дзе яна знаходзіцца.
Справа ў тым, што Лукашэнка – гэта ідэальны дыктатар для Захаду. Ён зусім ня той крывавы монстар, ён не зьбіраецца ірваць стасункі з Захадам. Іншымі словамі, ён цудоўна дапаўняе сьветлае і прыгожае дэмакратычнае адзеньне Захаду гэткім чорным банцікам. Усё гэта замінае натуральную хаду працэсу. У тым ліку ў Беларусі”.