“Пакіньце льготы хаця б на дачны сэзон”

Праз чатыры дні будуць скасаваныя льготы на праезд у грамадзкім транспарце. На другую дэкаду, якая пачалася 11 сьнежня, льготныя праязныя квіткі ўжо не прадаваліся. Нашая карэспандэнтка праехала ў менскім аўтобусе № 100 і пацікавілася, як да скасаваньня льготаў ставяцца тыя, хто меў на іх права.
Ужо некалькі тыдняў у грамадзкім транспарце гучыць абвестка пра скасаваньне льготаў.

“Мінтранс” інфармуе, што ад 17 сьнежня не будуць дзейнічаць льготныя талёны на праезд. Апошні дзень іх дзеяньня — 16 сьнежня”.

Карэспандэнтка: З наступнага панядзелка льготаў ужо ня будзе. Як вы да гэтага ставіцеся?”

Галасы студэнтаў: “Кепска”, “Вельмі дрэнна”.
Шкада, канечне, што столькі грошай прыйдзецца плаціць. Але куды падзецца? У мэтро “зайцам ” не атрымаецца


Карэспандэнтка: “На кішэні студэнцкай гэта адаб’ецца?”

Хлопец: “Канечне, адаб’ецца”.

Карэспандэнтка: “А родам вы адкуль?”

Хлопец: “Зь Берасьцейскай вобласьці, зь сяла”.

Карэспандэнтка: “А па бульбу, сала да бацькоў як езьдзіць будзеце?”

Хлопец: “Таксама вельмі цяжка будзе, у два разы даражэй”.

Спадар: “Я з Масквы, таму мяне льготы не цікавяць”.

Дзяўчына: “Значыць, так трэба. Будзем плаціць цалкам за праезд”.

Студэнт: “Шкада, канечне, што столькі грошай прыйдзецца плаціць. Але куды падзецца? У мэтро “зайцам ” не атрымаецца”.

Хлопец: “Мне гэта зусім не падабаецца. Калі нехта жыве на адну стыпэндыю, таму будзе вельмі цяжка”.

Студэнт: “Тым больш што дагэтуль невядома, ці будзе ўвогуле абяцаная надбаўка да стыпэндыі”.
Калі нехта жыве на адну стыпэндыю, таму будзе вельмі цяжка

Хлопец: “Прыйдзецца неяк эканоміць”.

Студэнт: “Штраф зараз 6 тысяч. Мне здаецца, бальшыня студэнтаў будзе “зайцамі” езьдзіць”.

Карэспандэнтка: “А ў мэтро ці ў сотым аўтобусе?”

Студэнт: “Там прыйдзецца плаціць”.

Карэспандэнтка: “Як вы ставіцеся да таго, што льготы адмяняюць?”

Хлопец: “Адмоўна ставімся. Мы студэнты. Дзе нам працаваць?”

Карэспандэнтка: “А стыпэндыя зараз якая?”

Хлопец: “Ой, я ня ведаю, я платнік”.

Дзяўчына: “106 тысяч”.

Хлопец: “У тым і праблема, што не ва ўсіх стыпэндыя ёсьць. Шмат “платнікаў” вучыцца, іншагародніх. Дзе ім браць грошы на поўныя квіткі?”

Студэнт: “Я сам праязны ўжо ня змог купіць, ежджу па квітках, толькі за сёньня праезьдзіў 1800 рублёў — і гэта яшчэ па льготах. А што будзе без ільготаў?”

Хлопец: “Гэта вельмі вялікі ўдар па кішэні. У маім выпадку — па кішэні маіх бацькоў, але ўсё адно”.

Студэнт: “Можна радыкальныя захады рабіць: проста не плаціць грошай. Падыходзіць да цябе кандуктар, а ты кажаш, што грошай няма. Ну што ён табе зробіць?”
Як я буду дабірацца зь Зялёнага Лугу да філфаку пешшу?

Спадар: “Як сказаў Аляксандар Рыгоравіч: “Усе студэнты маладыя, здаровыя, хай ходзяць пешшу”. Як я буду дабірацца зь Зялёнага Лугу да філфаку пешшу?”

Карэспандэнт: “А да бацькоў як езьдзіць будзеце?”

Студэнт: “Там свая сыстэма. Я, напрыклад, у Салігорску жыву, там ёсьць прыватныя фірмы, якія займаюцца перавозкай людзей. Там такая добрая канкурэнцыя, і яны змагаюцца за кліентаў, за 10 тысяч без праблем можна даехаць. І гэта нармальна. Ніхто ня будзе на дзяржаўных за 17 тысяч езьдзіць”.

Хлопец: “Ужо бацькі ня будуць рады так часта бачыць сваіх дзяцей”.

Пэнсіянэры абураюцца ня столькі скасаваньнем ільготаў на гарадзкі транспарт, колькі тым, што ў дачны сэзон ім будзе вельмі дорага дабірацца да сваіх лецішчаў:

“Поўны праезд у мяне да лецішча — 6 тысяч. З мужам удваіх — 12 тысяч. Колькі я змагу наезьдзіць туды-назад? Я ж ежджу не адпачываць, а каб сябе неяк забясьпечваць”.

Яны выступаюць з прапановай пакінуць льготы хаця б на лета:

“Няхай бы на дачны сэзон — з 1 траўня да сярэдзіны верасьня. І гэта было б справядліва”.